Гарадзенскую актывістку Анжаліку Арэхву не выпусцілі з Беларусі


Актывістцы з Горадні Анжаліцы Арэхве забаранілі выязджаць з Беларусі. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў «Facebook».

«Не выпусцілі мяне сёння з Беларусі. Аб прычыне забароны сказалі даведацца ў РАУС. Такая беларуская рэчаіснасць 2023 года», – напісала Анжаліка Арэхва. Допіс суправаджае фотаздымак старонкі пашпарту са штампам «У выездзе адмоўлена».

Анжаліка Арэхва – былая жонка палітвязня і музыкі Ігара Банцэра. Была актывісткай непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі. У 2022 годзе яе судзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Раней «Белсат» пісаў пра затрыманні і ўзмоцненыя праверкі на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межах.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў