Васкрасенскі: вагнэраўцы застаюцца ў Беларусі, а згортванне лагеру – тактычная перадыслакацыя


Усе дамоўленасці датычна навучання беларускіх вайскоўцаў наймітамі ПВК Вагнэра застаюцца ў сіле, вагнэраўцы не з’язджаюць з Беларусі, заявіў кіраўнік інфармацыйна-аналітычнай установы «Круглы стол дэмакратычных сілаў» Юрый Васкрасенскі ў эфіры радыёстанцыі «Говорит Москва».

Беларускія вайскоўцы з байцамі ПВК Вагнэра адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне Берасцейскі непадалёк мяжы з Польшчай. 20 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

Пасля катастрофы самалёта Прыгожына ў Расеі ў медыях пачалі з’яўляцца паведамленні, што лагер ПВК Вагнэра пад Асіповічамі пачалі дэмантаваць. Аднак Васкрасенскі запэўнівае, што гэта не дэмантаж, а перадыслакацыя.

«Паводле папярэдніх звестак, усе байцы знаходзяцца ў месцах іхнай дыслакацыі. Дамоўленасць існуе, акрамя таго, перамяшчэнне ў апошні час, якое прынялі за згортванне лагеру, ёсць толькі тактычнай перадыслакацыяй з мэтай заняцця больш выгодных пазіцыяў. То бок разбор намётавага лагеру, які насамрэч мае месца быць, звязаны выключна з жаданнем быць па-за сродкамі аб’ектыўнага кантролю патэнцыйнага праціўніка», – сказаў Васкрасенскі.

Радыё «Свабода» раней апублікавала здымкі, на якіх бачна, як людзі ў камуфляжнай форме разбіраюць карпусы лагеру – станам на 23 жніўня ў паўночнай, заходняй і цэнтральнай частках лагеру прыбралі 101 намёт з 273.

Пра тое што вагнэраўцы будуць дыслакавацца ў Беларусі, 24 чэрвеня сёлета, пасля спынення мяцяжу Прыгожына, заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. Пад Асіповічамі пабудавалі адмысловы лагер. 15 ліпеня стала вядома, што ў Беларусь прыбыла першая вялікая калона Групы Вагнэра. Цягам ліпеня колькасць наймітаў у краіне нарошчвалася, дасягнуўшы, паводле некаторых звестак, 6,5–7 тысячаў байцоў.

 

Аналітыка
Эскалацыйны статус-кво. Якія наступствы будзе мець гібель Прыгожына для Беларусі
2023.08.24 19:21

Міністэрства абароны Беларусі заяўляла, што найміты ПВК Вагнэра будуць трэнаваць беларускіх вайскоўцаў.

23 жніўня ў Цвярской вобласці РФ разбіўся бізнес-джэт «Embraer Legacy 600», на якім, як сцвярджаецца, былі кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын, камандзір Дзмітрый Уткін і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва гэтай групы. Усе 10 чалавек, якія былі на борце самалёта, загінулі. Пасля авіякатастрофы паўстала пытанне пра лёс вагнэраўцаў у Беларусі.

Аб’ектыў
Што будзе з ПВК Вагнэра без Прыгожына?
2023.08.24 22:40

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў