Яшчэ адзін беларус імаверна загінуў у маскоўскім расстрэле: ахоўнік «Крокусу» Вадзім Кулік


Грамадзянін Беларусі, былы міліцыянт родам з Баранавічаў Вадзім Аляксандравіч Кулік 1981 года нараджэння значыцца ў спісе загінулых у тэракце, які ўчынілі 22 сакавіка ў маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол». Амбасада Беларусі ў Расеі паведаміла ТАСС, што трымае кантакт са сваякамі мужчыны.

Вадзім Кулік
Вадзім Кулік.
Фота: сямейны архіў Кулікоў / Bar24.by

Раней паведамлялася, што ў тэракце 22 сакавіка загінула грамадзянка Беларусі 1978 года нараджэння, імя якой не называлі, а таксама што пацярпелі яшчэ як мінімум двое грамадзянаў Беларусі: Алім Кашавараў і Вадзім Кулік. Яны працавалі ахоўнікам у «Крокус Сіці Хол» і падчас нападу тэрарыстаў спрабавалі ратаваць людзей.

Вадзім Кулік цяпер значыцца ў спісе загінулых. Амбасада Беларусі ў Расеі пацвердзіла, што мужчына «не выходзіць на сувязь з моманту тэракту».

«З раніцы суботы пасольства знаходзіцца ў кантакце з яго сваякамі і калегамі. У сваякоў забраныя пробы ДНК для ідэнтыфікацыі цела», – паведамілі ў амбасадзе.

Дзяржаўныя расейскія медыі расказвалі, што Кулік «ратаваў людзей да апошняга і сам не выйшаў. Ужо ўвесь абгарэлы быў такі». Ён пэўны час лічыўся зніклым. Ягоны брат расказваў, што Вадзім каля 17 гадоў служыў у Баранавіцкім аддзеле ўнутраных справаў на транспарце, потым каля 8 гадоў працаваў ахоўнікам у «Крокусе». Праца на канцэртнай пляцоўцы яму вельмі падабалася, «у яго з усімі артыстамі фотаздымкі ёсць».

Алім Кашавараў, як раней паведамлялі дзяржаўныя беларускія медыі, атрымаў тры раненні ў жывот. Па словах калегі, ён з Кашаваравым «былі на першай лініі», «тэрарысты ішлі проста на іх», Кашавараў «выскачыў на злачынцаў, каб неяк спыніць іх, выратаваць людзей, яго адразу пасеклі чаргой». 24 сакавіка бацька параненага казаў, што сын у крытычным стане ў лякарні

У абодвух ахоўнікаў з Беларусі ёсць сем’і, дзеці. Абодвум крыху за 40 гадоў.

Аб’ектыў
Сярод ахвяраў у «Крокус Сіці Холе» ёсць беларусы
2024.03.25 20:53

На момант публікацыі ў спісе загінулых 95 імёнаў, але апазнанне трывае. Па словах кіраўніка Следчага камітэту Расеі, на вечар 25 сакавіка загінулымі лічылі 139 чалавек: 40 ад агнястрэльных раненняў, яшчэ два ад спалучэння агнястрэльных і колата-рэжучых ранаў, 45 у выніку пажару, прычыны смерці астатніх не называлі. Раненні і траўмы рознай ступені цяжкасці атрымалі як мінімум 182 чалавекі.

Мяркуецца, што тэракт учынілі прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы» – тэрарыстычная арганізацыя і сама ўзяла на сябе адказнасць. Арыштавалі чатырох падазраваных у непасрэдным выкананні тэракту – на суд іх прывезлі пасля катаванняў, якімі хваліліся расейскія сілавікі. Яшчэ тры затрыманыя – чалавек, які прадаў меркаваным тэрарыстам машыну, а таксама ягоныя бацька і брат.

Злучаныя Штаты і іншыя краіны папярэджвалі пра магчымы тэракт у Расеі за два тыдні да маскоўскага расстрэлу. Уладзімір Пуцін тады ігнараваў папярэджанні: казаў, гэта «нагадвае шантаж і намер застрашыць, дэстабілізаваць грамадства». Цяпер Пуцін намякае, што ў тэракце вінаватыя краіны Захаду – «тыя, хто ваюе з Расеяй рукамі кіеўскага рэжыму».

Тым часам у Беларусі затрымалі мужчыну, які, паводле сілавікоў, «цешыўся тэракту» ў каментарах у сацсетках і «прадстаўляў матэрыялы» выданням «Zerkalo» і «Nexta». На відэа сілавікоў мужчына мае сляды пабояў, у яго перавязаная галава – сілавікі з Беларусі робяць адсылку да таго, што іхныя калегі з Расеі адрэзалі вуха аднаму з падазраваных у тэракце. Як менавіта катавалі затрыманага за каментары ў Беларусі, невядома.

Разбор
«Калі гэта Захад, то не зразумелая матывацыя». Што не так з версіямі прапаганды пра тэракт у Падмаскоўі?
2024.03.23 20:25

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў