«Зробім сотні такіх жа фота ўжо ў Беларусі». Ціханоўская падзякавала за Дзень Волі


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская пракаментавала святкаванне Дня Волі, якое сёлета адкрыта адбывалася за межамі Беларусі, але ў самой краіне праходзіла хіба падпольна.

Святлана Ціханоўская на маршы да Дня Волі ў Празе
Святлана Ціханоўская на маршы да Дня Волі ў Празе, Чэхія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская падзякавала кожнаму, хто ўзяў удзел у святкаванні Дня Волі – гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года:

«Маё сэрца поўнілася гордасцю, калі чула вашыя галасы і бачыла вашыя вочы, што свяціліся цеплынёй. Вашая падтрымка натхняе і надае сілы рухацца далей. У той жа час маё сэрца разрываецца ад болю, што беларусы, якія зараз унутры краіны, не могуць далучыцца да ўрачыстасцей – і адсвяткаваць гэты дзень як мае быць…

Аднак я заклікаю вас не апускаць рук і працягваць змагацца. Мы робім усё магчымае, каб Дзень Волі як мага хутчэй ператварыўся для кожнага з вас у штодзённае свята. Упэўненая, што агульнымі намаганнямі мы дасягнем гэтай мэты – і зробім сотні такіх жа фота ўжо ў Беларусі!»

У розных краінах беларускія дыяспары зладзілі больш як паўсотні акцыяў і імпрэзаў з нагоды Дня Волі. Для людзей у Беларусі, дзе ўлады жорстка караюць нават за адзенне «няправільных» колераў, зладзілі вялікі онлайн-канцэрт.

«Мы вымушаны ладзіць урачыстасці ў замежжы, а не на роднай зямлі, – казала Ціханоўская 25 сакавіка. – Мы не можам святкаваць з лёгкім сэрцам, бо тысячы людзей знаходзяцца за кратамі. Мы кажам «Дзень Волі», але разумеем: сёння наша краіна апынулася ў закладніках Расейскай імперыі, якая вядзе захопніцкую вайну супраць Украіны, знішчае нашу незалежнасць і нашу ідэнтычнасць. Тым не менш я ўпэўненая: у нашых з вамі сілах – змяніць сітуацыю».

«Белсат» вёў трансляцыю святкавання ў Варшаве і Вільні 24 сакавіка, а таксама ладзіў святочны эфір 25 сакавіка.

Інтэрв’ю
«Нагадваем, што мы жывыя». Як адзначалі Дзень Волі раней – і што ён значыць цяпер
2024.03.25 16:49
Вусы Скарыны
Як узнік Дзень Волі. Сапраўдныя айцы незалежнай Беларусі Іван і Антон Луцкевічы
2024.03.25 14:55

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў