Праваабаронцам Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку скарацілі тэрміны зняволення на тры месяцы


У Вярхоўным судзе 28 лютага ў закрытым рэжыме адбыўся разгляд апеляцыйных скаргаў «вясноўцаў» Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, а таксама васьмі палітвязняў па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» – усяго дзесяці палітвязняў. У выніку чатаром з іх скарацілі тэрміны.

Судовы працэс над «вясноўцамі» і анархістамі. Скрыншот: Беларусь 1

Тэрміны праваабаронцам Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку, а таксама актывістам анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскага-Ханаду і Аляксандру Францкевічу былі скарочаныя на тры месяцы.

Аднак скаргі шасці судовая калегія пад старшынствам суддзі Аляксея Рыбакова пакінула без задавальнення. Гэта апеляцыі Аляксея Галаўко, Паўла Шпетнага, Мікіты Дранца, Аляксандра Казлянка, Андрэя Марача, Данілы Чуля.

Прысуд уступіў у сілу і палітвязняў хутка этапуюць у калоніі.

Нагадаем, 6 верасня мінулага года ў Менску абвясцілі прысуды адразу дзесяці палітычным вязням. Іх асудзілі на тэрміны ад 5 да 17 гадоў. Марфу Рабкову пакаралі 15 гадамі пазбаўлення волі, а Андрэя Чапюка – 6 гадамі. Астатнім суд вынес наступныя прысуды:

  • Аляксандр Францкевіч – 17 гадоў;
  • Акіхіра Гаеўскі-Ханада – 16 гадоў;
  • Аляксей Галаўко – 12 гадоў;
  • Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка – па 6 гадоў;
  • Андрэй Марач, Даніла Чуль – па 5 гадоў.

Агулам на ўсіх – 94 гады пазбаўлення волі. Суддзей у справе быў Сяргей Хрыпач.

Судовы працэс у «справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» пачаўся 25 красавіка ў Менскім гарадскім судзе адразу над дзесяццю палітычнымі вязнямі. Іх абвінавацілі паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання, арганізацыі масавых закалотаў і ўдзеле ў іх. СК ахарактарызаваў вязняў як «арганізатараў і кіраўнікоў шэрагу арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваймі лідарамі». У справе – 160 тамоў. Суд у першы ж дзень зрабілі закрытым.

Андрэй Чапюк – валанцёр праваабарончага цэнтру «Вясна», яму 27 год. Марфе Рабковай 27 гадоў, яна праваабаронца, каардынатарка валанцёрскай службы Праваабарончага цэнтру «Вясна». Была затрыманая 17 верасня 2020 года. Амаль два гады ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 у Менску.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў