Зачыстка рэгіёнаў і эвакуацыя былога палітвязня. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі 4 снежня


Працягваем наш штодзённы агляд фактаў палітычна матываванага пераследу беларусаў. 

Затрыманне
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Затрыманне.
Фота: Ohrana.gov.by

У Гомлі затрымалі мінімум пяць чалавек. Мужчыны кажуць на відэа сілавікоў, што былі падпісаныя на рэсурсы, якія ў РБ прызналі «экстрэмісцкімі». У затрыманнях удзельнічаў АМАП. Як мінімум у адным выпадку сілавікі ламалі дзверы кватэры. Верагодна, некаторых жыхароў Гомля схапілі на працы. Што чакае затрыманых, не ўдакладняецца.

Праваабаронцам вядома пра 6 затрыманых на «Белтрансгазе» у Слоніме. 4 снежня над імі прайшлі суды. Вынікі  невядомыя. Гэта – Сяргей Таўрэль, Ірына Фянько, Іна Лявончык, Аляксандр Агеенкаў, Мікіта Юрчак і Валерый Зазуля. Слонімцаў абвінавачвалі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Затрыманні на «Белтрансгазе» прайшлі 1 снежня.

Асуджанага ў Беларусі палітвязня Аляксандра Кулікова зноў будуць судзіць у Магілёве, паведамляюць праваабаронцы. Яго затрымалі ў пачатку лета адразу пасля вяртання з-за мяжы (вырашыў вярнуцца, бо яму паабяцалі, што яму будзе абраная мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі). Магілёўца абвінавацілі ў «абразе» Аляксандра Лукашэнкі і «паклёпе» на яго. У ліпені суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў Кулікова вінаватым і асудзіў да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Ён знаходзіцца ў турме № 4 у Магілёве.

6 снежня Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме распачне новы судовы працэс у дачыненні да Аляксандра Кулікова. Яму інкрымінаваныя «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім», «удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка альбо падрыхтоўка асоб да такога ўдзелу» і «праходжанне навучання або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасці». Судовы працэс будзе весці Дзяніс Кічыгін.

Міністэрства інфармацыі абнавіла спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, у якім сярод іншага з’явілася выданне «Студыі «Белсат». Гаворка пра выданне 14 лістапада «Рэжым Лукашэнкі патрабуе мільярд ад Літвы. Вечаровы эфір за 14 лістапада». Таксама да спісу экстрэмістаў дадалі ТГ-каналы «Иван Асташин» і «BelaMedia».

Тым часам яшчэ восем беларусаў атрымалі статус палітвязняў. Гэта Артур Панчанка, Іна Багдановіч, Руслан Казакевіч, Яўген Леанкоў, Юрый Хлебавец, Станіслаў Рубашэўскі, Вольга Жалабкова, Аляксандр Каліна, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Усе яны абвінавачаныя і асуджаныя за ўдзел у вулічных пратэстах паводле «народнага» артыкула 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак.). На сёння ў Беларусі статус палітвязняў маюць 1453 чалавекі. Колькасць людзей за кратамі, якіх пераследуюць з палітычных матываў, яшчэ большая.

Але ёсць і добрыя навіны.

Пастар гарадзенскай царквы евангельскіх хрысціянаў-баптыстаў Васіль Трубчык аштрафаваны і выпушчаны з ІЧУ. Суд над ім прайшоў у панядзелак у Горадні. Па якім артыкуле судзілі Трубчыка, пакуль невядома.

Пастара затрымалі 1 снежня. Трое сутак да суда ён правёў за кратамі. Васіль Трубчык – вядомы прапаведнік і хрысціянскі аўтар.

IT-інжынеру з Горадні і былому палітвязню Аляксею Галоўкіну дапамаглі эвакуявацца з Беларусі. Пра гэта расказваюць праваабаронцы. Мужчыну адправілі на тры гады ў калонію за каментары ў Інтэрнэце. Аляксея абвінавачвалі паводле чатырох артыкулаў, у тым ліку ў «гвалце альбо пагрозе ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі», і асобна – у дачыненні да «службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі».У канцы жніўня стала вядома, што Аляксей на волі, але за некалькі месяцаў да гэтага супраць яго завялі новую крымінальную справу па тых жа артыкулах, але нібыта па новых эпізодах. У Аляксея ёсць інваліднасць, у яго праблемы з суставамі. Яму складана рухацца. Цяпер Аляксей Галоўкін знаходзіцца ў бяспецы ў Швейцарыі.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў