У Нямеччыне затрымалі беларускі аўтамабіль, у якім перавозілі каля 269 тысячаў еўраў. Пра гэта паведамляе Федэральная мытная служба Германіі. Супраць пасажыраў пачатая крымінальная справа.
Інцыдэнт здарыўся 13 сакавіка, калі нямецкія мытнікі на аўтабане №9 каля запраўкі Франкенвальд праверылі беларускі аўтамабіль. Пры гэтым пасажыры паведамілі ім, што вязуць з сабою толькі каля 42 тысячаў еўраў. Аднак агляд машыны выявіў яшчэ 227 тысячаў, схаваных у заплечніку і некалькіх паражнінах аўтамабіля.
Цяпер мытня праводзіць расследаванне ў дачыненні да 40-гадовага кіроўцы і двух ягоных пасажыраў 39 і 67 гадоў. У дачыненні да іх пачатая крымінальная справа па падазрэнні ў адмыванні грошай. Грошы былі канфіскаваны ў якасці рэчавага доказу.
Нагадаем, што памежнікі сумеснага польска-нямецкага пасту ў Свецку на аўтабане А2 знайшлі скрадзеныя матацыкл і квадрацыкл падчас праверкі мікрааўтобуса Fiat, якім кіраваў 32-гадовы беларус – мужчына прад’явіў беларускі пашпарт і польскі дазвол на жыхарства.
Якуб Хруст belsat.eu