«Наша Ніва» знайшла, дзе цяпер працуе былы прэм’ер Румас


Журналісты даведаліся, дзе цяпер працуе былы беларускі прэм’ер-міністр Сяргей Румас, які ў 2020 годзе неяк няўцямна падтрымаў дэмакратычны рух і некаторы час быў вымушаны правесці за мяжой.

Былы прэм’ер-міністр Сяргей Румас.
Фота: Oksana Manchuk / TASS / Forum

«Нашай Ніве» вядома, што Сяргей Румас, які доўгі час працаваў у банкаўскай сферы, узначальваў «Белаграпрамбанк» і Банк развіцця, а ў 2018–2020 гадах быў прэм’ер-міністрам Беларусі, спрабаваў уладкавацца на пазіцыі, адпаведныя ягонай кампетэнцыі, у Вялікай Брытаніі і Расеі, але без поспеху. У 2021 годзе ён трапіў у назіральную раду «Рассельгасбанку», але гэта не варта ўспрымаць як надзейную крыніцу прыбытку, бо «грошы, як правіла, атрымліваюць тыя, у каго лепшыя адносіны з акцыянерамі – у дадзеным выпадку з расейскай дзяржавай», адзначае выданне.

Але з дакументаў банку ўдалося даведацца, што асноўнае месца працы Румаса – дарадца таварыства з абмежаванай адказнасцю «ПрымаМед Груп». Кампанія належыць ягонай жонцы Жанне, якая валодае ў Менску невялікім медычным цэнтрам «Proud Clinic». Журналісты «Нашай Нівы» мяркуюць, што такая пасада сведчыць пра тое, што іншай працы былы прэм’ер у Беларусі знайсці проста не можа.

Румас быў прэм’ер-міністрам са жніўня 2018 года. Ён быў заўважным рыначнікам сярод беларускіх чыноўнікаў: выступаў за больш актыўную прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, выказваўся супраць ільготнага крэдытавання стратных галінаў эканомікі і за больш актыўнае прыцягненне замежных інвестыцыяў.

Румас быў звольнены з пасады прэм’ер-міністра перад выбарамі 2020 года, бо ўжо тады прасочваўся трэнд на «закручванне гаек». Неўзабаве Румаса выключылі і з Савету бяспекі. Падчас летніх пратэстаў жонка экс-прэм’ера апублікавала ў сваім «Інстаграме» фотаздымак на фоне акцыі салідарнасці.

У лютым 2021 года з’явілася інфармацыя пра нібыта затрыманне Румаса. Але ён на той момант ужо быў за мяжой. Некаторы час эканаміст правёў у Вялікай Брытаніі і Украіне. Удома ў Менску ў яго прайшоў ператрус, былі затрыманыя сябры.

У красавіку 2021 года Румас увайшоў у склад назіральнай рады расейскага «Рассельгасбанку». Неўзабаве ён вярнуўся і ў Беларусь.

У лютым 2023 года Украіна ўвяла супраць Румаса санкцыі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў