Ці атрымалі мандаты беларускія кандыдаты?


7 красавіка ў Польшчы прайшоў першы тур выбараў у органы мясцовага самакіравання. Падчас іх палякі выбіралі сабе дэпутатаў ваяводскіх сеймаў, павятовых радаў, гмінаў і гарадоў, а таксама кіраўнікоў выканаўчай улады ў гарадах, паветах і гмінах – прэзідэнтаў, бурмістраў, войтаў і солтысаў. Вынікі галасавання ўжо вядомыя. У некаторых раёнах 21 красавіка чакаецца другі тур. Мы ж вырашылі паглядзець, ці ёсць якія-небудзь поспехі ў беларусаў, якія ішлі на гэтыя выбары.

Падлік галасоў пасля выбараў ва Уроцлаве. 7 красавіка 2024 года.
Фота: Krzysztof Kaniewski / Zuma Press / Forum

Агульныя вынікі выбараў: хто каго?

Паводле некаторых медыяў, гэта былі самыя складаныя ў плане арганізацыі і правядзення выбары. Усяго ў галасаванні было задзейнічана каля 300 тысяч супрацоўнікаў выбарчых камісій, за галасы змагаліся 11 тысяч выбарчых камітэтаў.

Тым не менш папулярнасць гэтых выбараў была меншай, чым летась падчас парламенцкіх (тады прыйшло на ўчасткі каля 74 % палякаў, якія маюць права голасу). Сёлета ж яўка склала толькі 51,5 %, што нават менш на 3 %, чым на самаўрадавых выбарах 2018 года. Хаця тут таксама няма нічога дзіўнага: традыцыйна мясцовыя выбары менш папулярныя ў грамадзянаў Польшчы, чым парламенцкія ці прэзідэнцкія.

У цэлым, як адзначалася, гэтыя выбары мусілі стаць у пэўнай меры ацэнкай як дзеянняў ураду, так і поспехаў апазіцыных сілаў, бо паводле таго, як галасуюць палякі, можна зразумець, каго яны падтрымліваюць: кіроўную «Грамадзянскую кааліцыю» ці апазіцыйную «Права і справядлівасць».

Цікава, што вынікамі першага туру выбараў аказаліся задаволеныя абодва бакі. Напрыклад, партыя «Права і справядлівасць» атрымала большасць галасоў на выбарах у мясцовыя сеймікі, за іхных кандыдатаў прагаласавала 34,27 % выбарцаў, у той час як за прадстаўнікоў «Грамадзянскай кааліцыі» аддалі голас 30,59 % палякаў. Але пры гэтым «пісаўцы» здыбылі перамогу толькі ў сямі з 16 польскіх ваяводстваў (у 2018-м яны перамаглі ў 9 ваяводствах).

Выбары ў мясцовыя органы кіравання ў Польшчы. Варшава, 7 красавіка.
Фота: Attila Husejnow / Zuma Press / Forum

Што не менш істотна – у буйных польскіх гарадах «Права і справядлівасць» таксама пацярпела паразу: у Кракаве і Вроцлаве кандыдаты ад партыі не прайшлі ў другі тур, у Гданьску і Варшаве перамогу атрымалі прадстаўнікі «Грамадзянскай кааліцыі». Калі ж казаць пра сталіцу, то ўпэўненая перамога дзейснага мэра Рафала Тшаскоўскага мае і пэўнае сімвалічнае значэнне, менавіта ён з’яўляецца адным з найбольш верагодных кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары ў 2025 годзе ад «Грамадзянскай кааліцыі».

Агулам жа карціна па ўсёй Польшчы складваецца наступная: ўсходняя частка краіны традыцыйна часцей галасуе за кансерватыўную палітыку «Права і справядлівасці», у той час як заходняя больш аддае перавагу «Грамадзянскай кааліцыі» з яе ліберальнымі поглядамі.

Што ж тычыцца размеркавання астатніх сілаў, то партыя «Трэці шлях» атрымала 14,25 % галасоў, паўтарыўшы вынік парламенцкіх выбараў, што, як адзначае палітолаг Сілезскага ўніверсітэту Міхал Кланоўскі, «ёсць поспехам у польскіх умовах». «Канфедэрацыя і беспартыйныя самаўрадоўцы» займела 7,23 %, «Беспартыйныя самаўрадоўцы» – 3,01 % і кааліцыя «Самакіраванне» – 1,15 %.

У некаторых гарадах (напрыклад, Вроцлаў, Кракаў, Познань, Ольштын, Кельцэ і інш.) усё ж кандыдатам на кіроўныя пасады не ўдалося атрымаць жаданых 50 %, каб атрымаць мандат, таму гэта будзе вырашацца падчас другога туру выбараў – 21 красавіка.

Якія вынікі ў беларусаў Падляшша?

На Падляшшы, дзе пражывае этнічная беларуская меншасць, яўка выбарцаў склала 52 %. Як адзначае «Polskie Radio», «не бракавала выбарцаў нават у тых гмінах, дзе выбары праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове».

Так, не маючы іншых супернікаў, атрымаў мандат войта ў гміне Чыжы, дзе пераважную большасць складаюць этнічныя беларусы, дзейсны кіраўнік гміны Юры Васілюк – за яго прагаласавала 83,95 % выбарцаў (272 чалавекі).

Але якая сітуацыя ў іншых кандыдатаў беларускага паходжання? Мы вырашылі паглядзець, якімі былі для іх гэтыя выбары («Белсат» пісаў пра гэтых кандыдатаў напярэдадні першага туру).

Працягваючы гаворку пра Падляшша, адзначым, што для 56-гадовага дырэктара і стваральніка Праваслаўнага асяродку міласэрнасці «Eleos» Марэка Масальскага гэтыя выбары не прынеслі жаданага выніку, ён балатаваўся ў сеймік Падляскага ваяводства, але за яго прагаласавала 4,25 % выбарцаў (мандаты ў ягоным спісе атрымалі тры кандыдаты з адсоткам галасоў ад 5,50 і вышэй).

Не атрымаў мандата ў сеймік Падляскага ваяводства і кандыдат «са стажам» Славамір Назарук, які з 1998 года ўваходзіў у самаўрады на Падляшшы, за яго прагаласавала 1,78 % выбарцаў.

34-гадовы Лукаш Бірыцкі з Заблудава, які балатаваўся ад «Грамадзянскай кааліцыі» ў раду Беластоцкага павету ад акругі, што ахоплівае гміны Юхновец-Касьцельны, Сураж і Заблудаў, набраў усяго 50 галасоў выбарцаў, што ў выніку склала ўсяго 0,67 %.

Не прайшлі ў раду Беластоку і яшчэ два «падляскія» кандыдаты, прадстаўнікі беларускага асяроддзя ад Форуму меншасцяў Падляшша Тамаш Герасімюк і Марэк Кулакоўскі (ішлі на выбары па спісах «Грамадзянскай кааліцыі»).

Ігар Лукашук.
Фота: poranny.pl

Поспеху на Падляшшы дасягнуў толькі адзін з беларусаў, пра якіх згадваў «Белсат»: дырэктар Гайнаўскага ліцэю з беларускаю моваю навучання Ігар Лукашук, які з 2018 года ўжо з’яўляўся дэпутатам сейміку Падляскага ваяводства, а з 2014 да 2018 года кіраваў радаю Бельску-Падляскага. Лукашук атрымаў мандат прадстаўніка ў сейміку Падляскага ваяводства, дзе будзе адстойваць правы беларускай меншасці.

А што ў іншых?

Што да кандыдатаў-беларусаў, якія балатаваліся ў іншых рэгіёнах Польшчы, то ніводнаму з іх таксама не ўдалося атрымаць жаданага мандату.

Так, максімальна блізка да жаданай мэты наблізілася хіба 36-гадовая нарадзінка Менску Надзея Яскулка, якая балатавалася ў Малапольскі сеймік са спісу «Канфедэрацыі і беспартыйных самаўрадоўцаў». За яе прагаласавала 8576 чалавек, і ў сваім спісе яна заняла першае месца. Але па суме галасоў яна не змагла дагнаць канкурэнтаў ад партыі «Права і справядлівасць», пяцёра кандыдатаў ад якой атрымалі мандаты ў сейміку.

Нарадзінка Горадні Дзіяна Купрыянаў, якая балатавалася на пасаду старасты вясковай гміны гораду Элк, не здолела перамагчы сваіх канкурэнтаў – магчыма, хваля несправядлівага хэйту, з якой яна сутыкнулася, зрабіла сваю нядобрую справу: з пяці кандыдатаў жанчына набрала найменшую колькасць галасоў – 5,38 % (агулам 254 галасы). Тым не менш стараста яшчэ не абраны: жыхарам трэба будзе вызначыцца з кандыдатурай кіраўніка гміны 21 красавіка, падчас другога туру.

Не дасягнулі поспеху яшчэ некалькі беларусаў, якія спрабавалі свае сілы на мясцовых выбарах – Віталь Воранаў (балатаваўся ў мясцовую раду гміны Костшын (адміністрацыйная адзінка Пазнанскага павету), этнічны беларус з Беластоку Радослаў Пусько (балатаваўся ў дэпутаты рады варшаўскага раёну Бяляны ад «Грамадзянскай кааліцыі»), а таксама Ганна Панішава, якая выстаўляла сваю кандыдатуру ў Раду Варшавы.

У цэлым беларусы ўвесь час спрабуюць свае сілы ў палітычных кампаніях у Польшчы – найчасцей гэта прадстаўнікі беларускай меншасці з Падляшша, якія імкнуцца адстойваць свае інтарэсы ў польскім парламенце або мясцовых сейміках. Так, у 2019 годзе кандыдатамі ў Сейм у выбарчым спісе Грамадзянскай кааліцыі сталі Яўген Чыквін і дырэктар беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук. У 2023 годзе 73-гадодовы Чыквін спрабаваў зноў патрапіць у парламент, а таксама па спісе партыі «Новыя левыя» (Nowa Lewica) у Познані балатавалася беларуска з Горадні Яна Шостак.

Меркаванні
Польскія мясцовыя выбары. Гатовы праект для будучай Беларусі
2024.04.08 16:07

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў