Айцішніку, якога абвінавацілі ў трансляцыі з аэрадрому ў Мачулішчах, вынеслі прысуд


Вярхоўны суд Беларусі 10 лістапада разгледзіць апеляцыю на прысуд Дзмітрыю Маставому – айцішніку, затрыманаму пасля атакі на расейскі самалёт А-50 у Мачулішчах у канцы лютага 2023 года. Берасцейскі абласны суд пакараў Дзмітрыя 10 гадамі пазбаўлення волі.

Затрыманне Дзмітрыя Маставога. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Пра затрыманне Дзмітрыя стала вядома з прапагандысцкага фільму тэлеканалу ОНТ пасля дыверсіі ў Мачулішчах. Маставога абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК РБ) і спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК РБ) – ён нібыта зладзіў онлайн-трансляцыю з аэрадрому для маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», якая ў сваю чаргу адмаўляла, што такая трансляцыя была.

Працэс супраць Маставога вяла суддзя Берасцейскага абласнога суда Вера Філонік. Разгляд справы меўся пачацца 14 верасня. Паводле «Dissidentby», айцішніка пакаралі 10 гадамі пазбаўлення волі.

Дзмітрыю Маставому 45 гадоў. Ён нарадзіўся ў Сеніцы, вучыўся ў Політэхнічным каледжы ў Менску, прафесійны праграміст.

Дзмітрыя затрымлівалі падчас пратэстаў у кастрычніку 2020 года, арыштоўвалі на содні.

Расейскі вайсковы самалёт быў пашкоджаны на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам 26 лютага ў выніку атакі дрона. Адказнасць за атаку ўзяў на сябе «BYPOL». Самалёт пазней паляцеў на рамонт у Расею. У гэтай справе былі затрыманыя некалькі асобаў.

Разбор
Абвінавачаны ў дыверсіі ў Мачулішчах папрасіў дапамогі ў Зяленскага. Ці стане рэагаваць Украіна?
2023.05.23 18:57

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў