Уцечка ці дэзынфармацыя? Што трэба ведаць пра публікацыю сакрэтных дакументаў ЗША


На мінулым тыдні заходнія медыі распавялі, што ў сеціве сталі распаўсюджвацца дакументы Пентагону, значная частка якіх тычацца вайны ва Украіне і падрыхтоўкі контрнаступлення ЗСУ. У Кіеве заявілі, што гэтыя дакументы – падробка. Аднак крыніцы CNN сцвярджаюць, што з улікам уцечкі Украіна нібыта вымушана скарэктаваць свае ваенныя планы. Belsat.eu разбіраўся, што адбылося і якія гэта можа мець наступствы.

Калаж мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: kommersant.ru

Анатомія «зліва»

Схема ўцечкі выглядае вельмі заблытана: дагэтуль незразумела калі і хто апублікаваў першую порцыю канфідэнцыйных матэрыялаў. Скандал распачаўся пасля таго, як на мінулым тыдні фотаздымкі дакументаў з’явіліся ў расейскіх мілітарысцкіх Telegram-каналах. Паводле Bellingcat, туды матэрыялы трапілі з паведамлення ананімнага карыстальніка форуму 4chan і допісу англамоўнага Telegram-каналу Donbass Devushka, абодва з’явіліся 5 красавіка.

Аднак ні Donbass Devushka, ні форум 4chan не з’яўляецца першакрыніцай. Журналісты сцвярджаюць, што прынамсі частка дакументаў з паметкай «сакрэтна» або «цалкам сакрэтна» былі апублікаваныя 28 лютага і 2 сакавіка на Discord – гэта папулярная сярод геймераў платформа для абмену паведамленнямі. Выданне Bellingcat прыйшло да высновы, што некаторыя дакументы маглі з’явіцца на Discord яшчэ да вясны і першапачаткова іх было значна больш. Даказаць гэта цяпер цяжка – частка допісаў ужо выдалена.

Пра маштабную ўцечку сакрэтных дакументаў першым паведаміла аўтарытэтнае амерыканскае выданне «The New York Times» 6 красавіка. Паводле заходніх медыяў, улады ЗША даведаліся пра сітуацыю толькі ад журналістаў. «The Washington Post» піша, што чыноўнікі цяпер спрабуюць ацаніць шкоду ад раскрыцця інфармацыі і не могуць зразумець, як апублікаваныя дакументы так доўга заставаліся незаўважанымі. Ужо пасля таго як пра «зліў» стала ўсім вядома журналісты знайшлі ў сеціве новыя порцыі дакументаў.

Дакументы, што трапілі ў публічную прастору, маюць розную ступень сакрэтнасці. Некаторыя, напрыклад, не прадугледжаны для перадачы іншым дзяржавам, а некаторыя могуць выкарыстоўвацца ў межах абмену разведвальнай інфармацыі з саюзнікам.

Reuters са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў піша, што за «ўцечкай» стаіць Расея або «прарасейскія элементы». Выданне The New York Times назвала яе «першым прарывам расейскай разведкі з пачатку вайны». Аднак узнікае пытанне: калі расейская агентура сапраўды атрымала доступ да сакрэтнай інфармацыі Пентагону, то навошта гэта было публікаваць у інтэрнэце, ставячы пад удар свае крыніцы? Журналіст Bellingcat Алек Толер, напрыклад, упэўнены, што Масква не магла мець дачынення да ўцечкі.

Што было ў апублікаваных дакументах

Асноўная частка дакументаў, што знайшлі журналісты ў сеціве, тычацца сітуацыі ва Украіне. Апублікаваныя дадзеныя падобныя на аператыўныя зводкі, якія маглі падрыхтаваць для амерыканскага Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў. Там прыводзяцца звесткі пра страты бакоў, колькасць і ўзбраенне войскаў, вайсковыя пастаўкі і расход снарадаў, фармаванне новых падраздзяленняў для контрнаступлення і слабыя месцы ЗСУ.

У прыватнасці, адзначаецца, што ўкраінскае войска адчувае недахоп боепрыпасаў для артылерыі і сілаў СПА. З дакументаў вынікае, што дэфіцыт боепрыпасаў для супрацьпаветранай абароны можа стаць крытычным у траўні. Уразлівасць СПА ацэньваецца як вельмі сурёзны выклік: гэта можа прывесці да таго, што Расея забяспечыць сабе панаванне ў паветранай прасторы і атрымае магчымасць наносіць авіяцыйныя ўдары не толькі непасрэдна на лініі фронту, але і ўглыбіню ўкраінскай тэрыторыі. Панаванне РФ у паветры ў сваю чаргу можа істотна паўплываць на ход вайны.

Дакументы ўказваюць на слабасці не толькі Украіны, але і Расеі. Напрыклад, з іх вынікае, што амерыканцы маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі расейскага камандавання і спецслужбаў.

«Разведвальная супольнасць ЗША настолькі глыбока пракралася ў расейскую армію і яе камандаванне, што можа загадзя папярэджваць Украіну аб нападах і дакладна ацэньваць моцныя і слабыя бакі расейскіх сілаў», – падкрэслівае «The Washington Post».

Пры гэтым амерыканцы таксама шпіёняць за Уладзімірам Зяленскім, каб мець дакладную інфармацыю аб стратэгіі і планах Украіны ў гэтым канфлікце.

«Матэрыялы пацвярджаюць ідэю, даўно агучаную прадстаўнікамі разведкі: ЗША маюць больш дакладнае ўяўленне аб расейскіх вайсковых аперацыях, чым аб украінскіх планах», – піша «The New York Times».

Апублікаваныя звесткі тычацца не толькі Украіны і РФ. Значная частка дакументаў прысвечаны Блізкаму Усходу, Кітаю і Паўднёвай Карэі.

Поўны абʼём уцечкі незразумелы, піша «The Washington Post».

Ці з’яўляюцца дакументы сапраўднымі?

Афіцыйна ўлады ЗША не заяўлялі, што ў сеціва былі злітыя менавіта аўтентічныя дакументы. Аднак неафіцыйна або ўскосна там прызнаюць сурёзнасць сітуацыі. У Міністэрстве юстыцыі ЗША заявілі, што ведамства разам з Пентагонам распачало расследаванне скандальнай уцечкі. Крыніцы «The New York Times» у Мінабароны ЗША сцвярджаюць, што апублікаваныя дакументы – сапраўдныя. Адна з крыніцаў «The Washington Post» заявіла, што цяпер у Пентагоне прымаюцца надзвычайныя захады па абмежаванню доступ да разведвальнай інфармацыі, што можа быць прыкметай панікі сярод вайсковага кіраўніцтва.

Ні журналісты, ні эксперты пакуль не знайшлі ў апублікаваных матэрыялах памылак, якія б сведчылі аб тым, што размова ідзе пра падробку. На праўдападобнасць дакументаў указваюць незалежныя аналітыкі – напрыклад, расследавальніцкі праект Conflict Intelligence Team.

Украінскі бок у сваю чаргу сцвярджае, што «злітыя» звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці. Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Андрэй Юсаў заявіў, што частка інфармацыі ў дакументах ілжывая, а частка проста ўзятая з адкрытых крыніцаў. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк назваў гэта «псеўдазлівам» расейскіх спецслужбаў.

Варта адзначыць, што расейскія Z-каналы, распавядаючы пра ўцечку амерыканскіх дакументаў, сапраўды папаліся на фэйку. Паводле «The Insider», яны пры дапамозе фоташопу змянілі дадзеныя аб стратах бакоў. Прапагандысты распаўсюджваюць версію дакументу, у якім расейцы за час канфлікту страцілі забітымі нібыта 16,5-17,5 тысячы, а ўкраінцы – 61-71,5 тыс. У арыгінальным «зліве» лічбы зусім іншыя: 35,5–43,5 тысячы для РФ і 16–17,5 тысячы для Украіны (што значна больш праўдападобна). Аднак такая маніпуляцыя не азначае, што першапачатковы «зліў» быў выдуманы расейцамі.

З іншага боку, нельга выключаць, што ўцечка магла быць дэзынфармацыяй з боку ЗША і Украіны. У гісторыі ваенных канфліктаў нерэдка мелі месца сітуацыі, калі спецслужбы арганізоўвалі імітацыю ўцечкі інфармацыі, каб увесці ў зман праціўніка наконт сваіх планаў і наяўных рэсурсаў. Аднак пакуль незразумела, якая ЗША і Украіне можа быць ад гэтага карысць. Адзіны больш-менш лагічны варыянт: пераканаць расейцаў у слабасці ЗСУ, каб агрэсар у выніку страціў пільнасць.

Як гэта паўплывае на контрнаступленне ЗСУ?

Тэлеканал CNN са спасылкай на крыніцу ў атачэнні Зяленскага сцвярджае, што з улікам меркаванай уцечкі інфармацыі ўкраінскае камандаванне ўнесла некаторыя змены ў свае ваенныя планы. Аднак незразумела пра якія змены можа ісці размова. Падкрэслім: прыкладныя даты, месца і замысел вясенняга контрнаступлення ЗСУ ў дакументах не фігуравалі. Акрамя таго, апублікаваныя звесткі былі сабраныя не пазней за 1 сакавіка – то бок яны маглі ўжо часткова састарэць за гэты час.

Паводле «The Washington Post», украінскае кіраўніцтва было раззлаванае тым, што праз уцечку сакрэтных дакументаў сталі вядомыя слабыя месцы ЗСУ. Аднак гэтае сцверджанне выглядае вельмі спрэчна. Наўрад ці расейскае камандаванне не здагадвалася пра недахоп боепрыпасаў і ўразлівасць украінскіх СПА. Дастаткова было прааналізаваць публічныя заявы ўдзельнікаў лютаўскай канферэнцыі ў фармаце «Рамштайн», дзе пытанне аб боепрыпасах і СПА стаяла ў спісе прыярытэтаў, каб зразумець, што ў ЗСУ з гэтым не ўсё ў парадку. Магчыма, уцечка Пентагону дазваляе інакш ацаніць маштабы праблемы, але пра нейкую сенсацыю казаць тут не выпадае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Пентагона.
Фота: Tom Brenner / Reuters / Forum

У «злітых» дакументаў наогул няма чагосьці такога, што магло б сапраўды здзівіць – усе яны як мінімум не супярэчаць звесткам з адкрытых крыніцаў. Таму вельмі сумнеўна, каб гэтая інфармацыя магла істотна паўплываць на ўкраінскае контрнаступленне.

Аднак гэта не азначае, што «зліў» (калі гэта праўда, а не наўмысная дэзынфармацыя) не будзе мець наступстваў. Для амерыканскіх спецслужбаў гэта даволі сурёзны выклік: тэарэтычна апублікаваныя звесткі здольныя паставіць пад удар агентуру ЗША ў РФ. Паводле «The New York Times», цяпер расейскія ўлады цяпер могуць прааналізаваць, з якіх спецслужбаў адбываецца болей уцечак, высветліць шляхі перадавання інфармацыі ды перакрыць гэтыя крыніцы.

«Яшчэ зарана гаварыць пра аб’ём шкоды, але, калі Расея зможа вызначыць, як Злучаныя Штаты збіраюць сваю інфармацыю, і перакрые гэтую плынь, гэта можа паўплываць на хаду вайны ва Украіне», – піша выданне.

Акрамя таго, гэта можа адбіцца на ўзаемным даверы і ўскладніць працэс абмену разведвальным дадзенымі паміж ЗША і іх саюзнікамі, а таксама стварыць напружанне на дыпламатычным узроўні.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў