Міністэрства юстыцыі ЗША распачало расследаванне ў сувязі з уцечкай сакрэтных дакументаў Пэнтагону


Міністэрства юстыцыі ЗША распачало крымінальнае расследаванне па факце ўцечкі ў сеціва дзясяткаў сакрэтных дакументаў Пэнтагону аб вайне ва Украіне і іншай важнай інфармацыі, паведамляе «Financial Times» са спасылкай на афіцыйных асобаў.

Пэнтагон.
Фота: The U.S. National Archives

Крыніцы выдання паведамілі, што большасць дакументаў «здаецца ў асноўным сапраўднаю». Спробы выявіць крыніцу ўцечкі ўскладняюцца тым, што дакументы былі раздрукаваныя і сфатаграфаваныя.

У Міністэрстве абароны ЗША, дзе таксама пачалі расследаванне, паведамілі, што працягваюць «вывучаць і ацэньваць дакладнасць сфатаграфаваных дакументаў, якія распаўсюджваюцца ў сацсетках і, мяркуючы з усяго, змяшчаюць сакрэтныя і асабліва сакрэтныя матэрыялы». Афіцыйна Пэнтагон сцвярджаў, што таксама вывучае дакладнасць дакументаў, якія трапілі ў сеціва.

Міністэрства юстыцыі таксама плануе вызначыць магчымыя наступствы ўцечкі для хады баявых дзеянняў і намаганняў Вашынгтону для збору звестак. Раней CNN са спасылкаю на крыніцу, блізкую да ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, паведамляў, што Украіна памяняла ваенныя планы пасля ўцечкі.

Аналітыка
Уцечка ці дэзынфармацыя? Што трэба ведаць пра публікацыю сакрэтных дакументаў ЗША
2023.04.10 19:58

Паводле інфармацыі «Reuters», следчыя дапускаюць, што прычынамі ўцечкі маглі быць незадаволенасць супрацоўніка амерыканскай выведкі або наўмысны сабатаж з мэтаю падарваць нацыянальную бяспеку ЗША. Крыніцы агенцтва сцвярджаюць, што частка дакументаў была падробленая, каб увесці следчых у зман.

Неназваны еўрапейскі чыноўнік распавёў «Financial Times», што сакрэтныя дакументы, якія трапілі ў сеціва, «былі дрэннай навіной для ўсіх».

Hавiны
ЗША могуць страціць сваіх інфарматараў у Расеі пасля выцеку сакрэтных дакументаў
2023.04.09 10:49

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў