Палітзняволеная Ларыса Шчыракова адмовілася падаваць апеляцыю на прысуд


Палітзняволеная журналістка і краязнаўца Ларыса Шчыракова адмовілася падаваць апеляцыю на свой прысуд. Жанчыну неўзабаве этапуюць у калонію.

Ларыса Шчыракова.
Фота: Ларыса Шчыракова / Facebook

11 верасня мінаюць 10 содняў, цягам якіх, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, Ларыса Шчыракова магла падаць апеляцыю з нагоды прысуду, агучанага 31 жніўня.

Пра тое, што аспрэчваць вынесенае пакаранне жанчына не збіраецца, яна паведаміла яшчэ да пачатку судовага працэсу. Тое ж паўтарыла і пасля вынясення выраку.

Сваё рашэнне Ларыса абгрунтоўвае тым, што лічыць гэта марным заняткам, бо ў справах, паводле якой праходзіла журналістка, падача апеляцыі толькі падаўжае час перабывання ў СІЗА, але не змяняе самога прысуду.

Чакаецца, што ўжо на гэтым тыдні Шчыракову этапуюць у жаночую Папраўчую калонію № 4.

Культурніцкай дзяячцы і журналістцы з Гомля Ларысе Шчыраковай 31 жніўня агучылі вырак – 3,5 года калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам Br 3500.

Жанчыну абвінавацілі паводле артыкулаў аб распаўсюдзе ў інтэрнэце заведама непраўдзівых звестак, якія дыскрэдытуюць Рэспубліку Беларусь (арт. 369-1, ч. 1), а таксама ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК).

Ларысу Шчыракову затрымалі ў Гомлі 6 снежня 2022 года. Згодна з тэкстам абвінавачання, са жніўня 2020-га да снежня 2022-га яна прапанавала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце «інфармацыйныя матэрыялы з загадзя непраўдзівымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўванне, захоўванне і перадачу аўдыя-, відэа-, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання дзеля забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат», адзначаюць у паведамленні Генеральнай пракуратуры.

Вядома таксама, што пасля затрымання Ларысы ейнага 16-гадовага сына міліцыя перадала ў сацыяльна-педагагічны цэнтр, адкуль хлопца не аддавалі сваякам, спасылаючыся на тое, што чакаюць «законнага прадстаўніка» – бацьку, які жыве ў Новасібірску. Пазней падлетка ўсё ж забраў бацька, які адмыслова прыляцеў з Расеі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў