Як у «Беларускіх латарэяў» прасілі фінансаваць бульбасховішча Лукашэнкі, самбістаў і Талая


Арганізацыя «BELPOL» падзялілася з «Белсатам» вялізным архівам дакументаў РУП «Беларускія латарэі». Мы даведаліся, што праз онлайн-казіно ад «Сінэзіса» кампанія зарабляе дзясяткі мільёнаў рублёў для Упраўлення справамі Лукашэнкі. Але на гэтыя грошы прэтэндуе яшчэ шмат хто з бізнес-імперыі Лукашэнкі.

Цырымонія адкрыцця малой архітэктурнай формы ў выглядзе бронзавага кошыка з бульбай
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цырымонія адкрыцця малой архітэктурнай формы ў выглядзе бронзавага кошыка з бульбай. Аграгарадок Вялікія Бортнікі, Бабруйскі раён, Беларусь. 18 лістапада 2023 года.
Фота: Tribunapracy.by

РУП «Беларускія латарэі» ўжо чатыры гады мае асноўны прыбытак не з «папяровых» латарэяў, а з інтэрнэт-казіно «Белбэт», якое стварыў скандальны «Сінэзіс» і цяпер падтрымлівае кампанія «Рыдота», былая «Сінэзіс Лато». Пра тое, як гэта працуе і фінансуе справы Аляксандра Лукашэнкі, мы расказвалі ў папярэднім матэрыяле:

Абноўлена
«Сінэзіс» адкрыў для Лукашэнкі залатую жылу: онлайн-казіно прыносіць мільёны
2024.04.07 20:00

Агулам за 2023 год «Беларускія латарэі» планавалі, згодна складзеным у траўні табліцам, атрымаць выручкі на 6 млрд 8 млн рублёў, пры тым на «папяровыя» латарэі прыпадала менш як 6 млн (не млрд) – амаль уся выручка ішла ад онлайн-казіно. Большую частку атрыманых грошай, 5,7 млрд, мелі аддаць у прызавы фонд. Каля 164 млн мела пайсці на правядзенне латарэяў. 24,3 млн мелі аддаць падаткамі. Чыстага прыбытку ў «Беларускіх латарэяў» мела застацца 114,6 млн рублёў.

Пры тым чысты прыбытак онлайн-казіно нават большы за сумарны, бо некаторыя «папяровыя» латарэі прыносілі чыстыя страты, і гэтыя страты не пакрывалі нават іншыя напрамкі дзейнасці «Латарэяў», як то продаж рэкламы ці ацэначная дзейнасць.

Як дзеляць грошы «Беларускіх латарэяў»

Паводле адной з табліц, за «ліцэнзаванне» онлайн-казіно штомесяц аддавалі каля 68–70 % ад сумы чыстага прыбытку (ад чаго менавіта залежаць выплаты, з атрыманых дакументаў незразумела). Аддаюць не з уласных прыбыткаў – гэта запісана ў выдаткі «Беларускіх латарэяў» разам з выдаткамі на рэкламу.

Грошы за «ліцэнзіяванне», імаверна, ішлі наўпрост кампаніі «Рыдота», якая фактычна ладзіць і падтрымлівае онлайн-казіно. Але магчыма таксама, што грошы за «Белбэт» ішлі ў «Рыдота» праз звязанае з ім ТАА «Лэтітбі» – з дакументаў бачна, што з «Лэтітбі» заключылі субліцэнзійнае пагадненне па латарэі «То!Лото», але «Рыдота» прасіла заключыць наўпроставае пагадненне, каб не парушаць правілы Парку высокіх тэхналогіяў.

Папулярныя гульні «латарэі» на сайце «Белбэт» – у гэта беларусы ўносяць ставак на звыш 6 млрд рублёў на год.
Скрыншот: Belbet.by

Чысты прыбытак «Беларускіх латарэяў» дзеляць прыблізна 50/50 Упраўленне справамі Лукашэнкі як заснавальнік кампаніі і дзяржаўны бюджэт, у які «добраахвотна» аддаюць грошы.

Паводле плану на 2023 год, складзенага ў траўні таго ж года, Упраўленню справамі Лукашэнкі мела за год пайсці 79,3 млн рублёў, рэспубліканскаму бюджэту – 79,3 млн, мясцовым бюджэтам (за лакальныя «папяровыя» латарэі) – 0,2 млн. Дзяржава таксама мела забраць за 2023 год 24 млн рублёў падаткамі.

Яшчэ 16,8 тысячы (не мільёна) рублёў з чыстага прыбытку аддалі на штосьці запісанае як «міласэрнасць» – імаверна, гэта прыбыткі ад латарэі пад назвай «Міласэрнасць», заснавальнікам якой ёсць Міністэрства працы. Паводле афіцыйных мэтаў латарэі, грошы маюць пусціць на закупку абсталявання для санаторыяў, сацыяльных установаў і рэабілітацыйных цэнтраў.

На што ідуць грошы «Беларускіх латарэяў»: «Сінэзіс», дзяржаўны бюджэт і таемныя справы Лукашэнкі

Дзяржава дае хоць нейкія справаздачы аб тым, куды ідуць бюджэтныя грошы, у штогадовых законах «Аб рэспубліканскім бюджэце». Упраўленне справамі Лукашэнкі ж дзейнічае як прыватная карпарацыя і не дае дэталёвых справаздачаў.

Адзін з дакументаў сцвярджае: мэтай латарэі «Белбэт» ёсць атрыманне дадатковых сродкаў «на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных прыродаахоўных установаў і размешчаных на іх тэрыторыі санаторна-аздараўленчых арганізацыяў, падначаленых Упраўленню справамі прэзідэнта, а таксама на іншыя мэты, якія вызначаюцца заканадаўчымі актамі».

Ці так гэта, спраўдзіць немагчыма. Нельга выключаць, што Упраўленне пусціць на такія «справы прэзідэнта», як пабудову чарговага раскошнага палаца пад выглядам рэстаўрацыі лякарні.

Гісторыі
Лукашэнку будуюць новую раскошную рэзідэнцыю: «BELPOL» здабыў планы з «душам уражанняў»
2023.09.18 09:39

Але на грошы з латарэяў і онлайн-казіно прэтэндуюць не толькі экс-«Сінэзіс», Упраўленне справамі Лукашэнкі і дзяржаўны бюджэт. У архіве, якім з намі падзяліўся «BELPOL», знайшлося мноства лістоў з просьбамі да «Беларускіх латарэяў» пазычыць або проста падарыць грошы.

Самбісты, Талай, мэбля і кераміка – каму раздае грошы Упраўленне справамі Лукашэнкі

Самая забаўная просьба даць грошы – ад самбістаў: «З Новым годам, дайце грошай». Першая намесніца старшыні іхнага аб’яднання Вераніка Казлоўская 19 студзеня 2022 года пісала ліст дырэктару «Беларускіх латарэяў» Міхаілу Дзенісенку. Гэты ліст пачынаўся з такога: «Дазвольце ад імя грамадскага аб’яднання „Беларуская федэрацыя самба“ павіншаваць Вас і калектыў РУП „Беларускія латарэі“ з Навагоднімі святамі». І скончыўся просьбай аказаць безаплатную спонсарскую дапамогу на 2730 беларускіх рублёў. Ідэнтычны ліст з той жа сумай быў ад Казлоўскай Дзенісенку 19 студзеня 2023 года.

Даваць ці не даваць грошы, вырашае Упраўленне справамі Лукашэнкі. Так, Антон Краеўскі 15 чэрвеня 2023 года адказаў Беларускай федэрацыі воднага пола згодай на просьбу аб спонсарскай дапамозе з боку «Беларускіх латарэяў». Напісаў, што гатовы даць 7100 рублёў.

Грошы «Беларускіх латарэяў» прасіў і падсанкцыйны фонд Аляксея Талая, які падазраюць у саўдзеле ў ваенных злачынствах – выкраданні дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. 10 лютага 2023 года асабіста Талай прасіў дадатковыя сродкі на пакупку «грузапасажырскага мікрааўтобусу». У лісце ён згадваў, што «адным з прыярытэтных напрамкаў працы Фонду з’яўляецца аказанне дапамогі мірнаму насельніцтву ДНР, ЛНР і вызваленых тэрыторыяў».

Hавiны
Фонд Талая абяцаў дапамагаць з «урокамі патрыятызму» на акупаваных тэрыторыях Украіны
2024.04.03 21:15

Былі і нечаканыя просьбы. Спонсарскую дапамогу на 10 тысяч рублёў у «Беларускіх латарэяў» у 2022 годзе прасіла ААТ «Мэбля Інтэр’ер Цэнтр», якое, як і «Латарэі», уваходзіць у структуру Упраўлення справамі Лукашэнкі. Грошы прасілі, паводле дамовы, дзеля падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезону.

Таксама падначаленае Упраўленню справамі Лукашэнкі ААТ «Белмастацккерамiка» ў 2022 годзе прасіла ў «Беларускіх латарэяў» 96 тысяч на набыццё сыравіны і матэрыялаў. Акрамя таго, у сакавіку і красавіку 2023 года «Белмастацккерамiка» прасіла ў «Латарэяў» спонсарскую дапамогу на 10,2 тысячы без пазначэння прычыны і 25 тысяч рублёў зноў жа на сыравіну.

Калгасы, бульбасховішча і страхавая кампанія – Упраўленне справамі Лукашэнкі пазычае грошы самому сабе

«Беларускія латарэі» не толькі раздаюць бясплатныя грошы, але і пазычаюць кампаніям Упраўлення справамі Лукашэнкі. Грошы даюць пад безадсоткавыя пазыкі.

Напрыклад, аграпрамысловы холдынг «Агра-Ляскавічы», былы саўгас «Ляскавічы», у 2023 годзе прасіла пазычыць ці то 350, ці то 750 тысяч рублёў, ці то 750 тысяч у красавіку і 350 у траўні. Холдынг прадстаўляў бізнес-планы і запэўніваў, што грошы зможа вярнуць. Праўда, фінансавыя прагнозы, якія таксама былі ў архіве «Беларускіх латарэяў», паказваюць, што без пазыкі прадпрыемства было б стратным – нават нягледзячы на бюджэтныя асігнаванні, а таксама ранейшыя пазыкі ад «Белаграпрамбанку», «Банку развіцця» і «Агенцтва па ўпраўленню актывамі», СТАА «Белсыр», ААТ «ГЛЦ Азярцо-Лагістык» і Нацыянальнага парку «Прыпяцкі».

Пазыку прасіла таксама дзяржаўнае прадпрыемства «Усход» – былая падсобная гаспадарка ЦК УКП(б). 800 тысяч рублёў пазыкі прасілі на рэканструкцыю сховішча бульбы па адрасе аграгарадок Атоліна, вул. Школьная, 4. Імаверна, у дамове памылка: па гэтым адрасе прыватны дом, а недабудаванае бульбасховішча знаходзіцца ў 500 м ад яго па адрасе вул. Школьная, 4А – па гэтым адрасе тэрыторыя пазначаная менавіта як бульбасховішча на кадастравай мапе.

Будынкі 4 і 4А па вуліцы Школьная ў Атоліна
Зверху: дом 4 па вуліцы Школьнай, дзе, згодна з дакументам, мусяць дабудаваць бульбасховішча на 5000 тонаў.
Знізу: дом 4А па вуліцы Школьнай, дзе сапраўды недабудаванае бульбасховішча. Атоліна, Беларусь. 2023 год. Скрыншот: Yandex.ru

І бульбасховіча плануюць маштабнае, на 5000 тонаў, з сістэмай мікраклімату – дакладна не падобнае да хаты па адрасе Школьная, 4. Паводле іншага дакументу, на ўсю дабудову збіраюцца выдаткаваць 5,684 млн рублёў, з іх 400 тысяч уласных сродкаў, 380 тысяч «спонсарскай дапамогі» і 445 тысяч пазыкі ад «Беларускіх латарэяў», а яшчэ 3,66 млн – пазыка з цэнтралізаванага фонду Упраўлення справамі Лукашэнкі. Пры тым гаспадарка не стратная: у адным з дакументаў значыцца, што за першую палову 2022 года мела чыстага прыбытку 3,397 млн рублёў.

Яшчэ 2,95 млн рублёў «Беларускія латарэі» мелі пазычыць ЗАСТ «Промтрансінвест». За гэтай назвай хаваюцца не інвестары ў прамысловы транспарт, а страхавая кампанія, якая прапануе страхаванне машынаў, дамоў і здароўя, у тым ліку страхаванне з абаронай ад клешчаў.

Ды зварот у «Беларускія латарэі» не азначае, што грошы дадуць. Так, ВГГК «Кастрычніцкі» (які валодае сеткай рэстарацыяў «Лідо», кавярнямі «Менск» і «Манетны двор») прасіў пазычыць 100 тысяч рублёў на новыя аб’екты, але атрымаў пазыку не ў латарэяў, а ад УП «Дыпмаркет» – крамы «Duty free» ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».

Hавiны
У Беларусі пабудуюць «інавацыйнае» бульбасховішча коштам касмічнай праграмы
2023.12.28 08:06

Бізнес-імперыя «справаў Лукашэнкі»

Вышэй згаданыя далёка не ўсе кампаніі Упраўлення справамі Лукашэнкі. У ценявую бізнес-імперыю ўваходзяць агулам 11 аграпрамысловых прадпрыемстваў; шэраг гандлёвых кампаніяў і гандлёвых дамоў; аптэчная сетка «БелЛекаЦэнтр» і шэраг медычных цэнтраў; чатыры гатэлі; восем санаторыяў у Беларусі і за межамі; гарналыжны цэнтр «Сілічы»; нацыянальныя паркі «Белавежская пушча», «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», «Прыпяцкі» і Бярэзінскі біясферны запаведнік; лясныя гаспадаркі «Цяцерынскае» і «Краснасельскае»; Палац Рэспублікі і выставачны цэнтр «БелЭкспа»; выдавецтва «Беларускі дом друку» і «Менская тыпаграфія»; фабрыкі мастацкіх вырабаў; будаўнічыя кампаніі; транспартныя і лагістычныя кампаніі…

Як казаў у эфіры «Белсату» былы супрацоўнік Упраўлення справамі Лукашэнкі Анатоль Котаў, прыбыткі з усяго гэтага кідаюць у «агульны кацёл» Упраўлення, а куды размяркоўваць грошы – гэта асабістае рашэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў