«Мачулішчы атакавала СБУ, а не беларусы» – адкуль узялася гэтая версія і што было ў першакрыніцы


Крыніца версіі аб удзеле СБУ ў аперацыі ў Мачулішчах сумнеўная, але нават у гэтай крыніцы не сцвярджаецца, што расейскі самалёт атакавалі не беларускія партызаны.

Дрон над расейскім самалётам А-50 у Мачулішчах. Скрыншот з відэа: voynareal / Telegram

Брытанскае выданне «The Economist» 10 красавіка расказала са спасылкай на «выцек дакументаў Пэнтагону», што за атакай на расейскі «лятучы радар» А-50 у Мачулішчах могуць стаяць не беларускія партызаны, а Служба бяспекі Украіны.

Выданне не дае спасылак на першакрыніцу такіх звестак, але апісвае, што было ў гэтай крыніцы: прадстаўнікі СБУ «прыйшлі да высновы», што гэта іхныя агенты не паслухаліся загадаў і атакавалі расейскі самалёт у Мачулішчах.

«Белсат» лёгка знайшоў адну крыніцу гэтых сцвярджэнняў – і не знайшоў ніякіх іншых згадак Мачулішчаў ці працы СБУ ў Беларусі ў дасяжных онлайн «выцеклых дакументах Пэнтагону». Імаверна, адзіная згадка пра Мачулішчы – у фота «звышсакрэтнай» паперы з ацэнкамі хады вайны ва Украіне на 1 сакавіка, што разляцелася ў сацсетках тыдзень таму.

«Сакрэтны дакумент» са згадкай атакі на Мачулішчы, што публікавалі на форумах. 4 сакавіка 2023 года.
Фота: Minecraft Earth Map / Discord. Калаж: Белсат

Менавіта гэты здымак стаў крыніцай спрэчак пра страты Расеі і Украіны: расейскія праваенныя Telegram-каналы «адфаташопілі» яго так, каб страты Расеі былі малымі, а Украіны – вялікімі. Падробленасць гэтых лічбаў хутка выкрылі, але згадка Мачулішчаў ёсць і ў арыгінале.

Што ў гэтым не так

«Ацанілі», а не «прыйшлі да высновы». Выданне «The Economist» не зусім карэктна пераказала напісанае ў «выцеклым» дакуменце: там пісалі не пра «came to a striking conclusion» («прыйшлі да ашаламляльнай высновы»), як у «Эканаміста», а пра «assessed» («далі ацэнку»). Нататка пра гэта датаваная 26 лютага – днём атакі. І ў гэты дзень СБУ, калі верыць здымку, дапускала, але не сцвярджала з усёй пэўнасцю, што атаку ўчынілі яе агенты.

Сапраўднасць самога выцеку сумнеўная. Хоць дакумент выглядае падобным да сапраўднага, адназначных пацверджанняў, што гэта не падробка, няма. А паходжанне дакументаў з геймэрскага форуму выклікае здзіўленне ў экспертаў. У «выцеку» могуць быць як праўдзівыя, так і фальшывыя звесткі – пра гэта, напрыклад, нядаўна казаў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў. Выказвалася нямала здагадак, што «выцек» можа быць аперацыяй спецслужбаў Злучаных Штатаў ці іншых саюзнікаў у дэзынфармацыі Расеі. Такія аперацыі – зусім не навіна. Напрыклад, у аперацыі «Mincemeat» у 1943 годзе брытанцы паспяхова пераканалі нацыстаў, што саюзнікі збіраюцца атакаваць не Сіцылію, а Сардынію і Грэцыю; у аперацыі «Fortitude» у 1944-м заблыталі нацыстаў наконт планаў высадзіцца ў Нармандыі.

Аналітыка
Уцечка ці дэзынфармацыя? Што трэба ведаць пра публікацыю сакрэтных дакументаў ЗША
2023.04.10 19:58

Крыніцы відэа з Мачулішчаў кажуць на карысць версіі пра беларускіх партызанаў. Публікавалі два відэа: 2 сакавіка аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BYPOL» паказала выведны палёт перад атакай – і пісала, што атрымала кадры ад удзельнікаў плану «Перамога». 3 сакавіка ва ўкраінскіх медыях з’явілася відэа самой атакі – імаверна, першым яго апублікаваў канал «Реальная война», які пісаў, што кадры «перадалі СБУ беларускія партызаны».

Але СБУ такім не мусіла б займацца. Украінскі вайсковы эксперт Ігар Раманенка, генерал-лейтэнант ЗСУ ў адстаўцы і да 2010 года намеснік начальніка Генеральнага штабу ЗСУ, казаў «Белсату» пасля выбухаў на «Зябраўцы», што менавіта СБУ не мае права працаваць у іншых дзяржавах, але Сілы спецыяльных аперацыяў сапраўды працуюць за межамі Украіны на варожай тэрыторыі, гэта прапісана ў законе «Пра асновы нацыянальнага супраціву».

Хтосьці ў СБУ сапраўды мог першым часам прыпісваць сабе атаку на Мачулішчы. На афіцыйным узроўні Украіна каментуе здарэнні на чужой тэрыторыі (як, напрыклад, падазроныя выбухі – «бавоўну») такім чынам, што не пацвярджае і не адмаўляе сваёй датычнасці, а як было напраўду, абяцае расказаць па заканчэнні вайны. Афіцыйныя асобы намякаюць, жартуюць, але не пацвярджаюць. Неафіцыйна ж могуць прыпісваць сабе любую «бавоўну»: як казаў намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны Аляксей Громаў пра ранейшы выбух на беларускім аэрадроме «Зябраўка», за такую аперацыю кожны вайсковец «імкнуўся б сабе зорачку намаляваць». Аднак пасля публікацыі відэа атакі сур’ёзных аргументаў на карысць датычнасці СБУ не выказвалі – хіба такія здагадкі, у якіх замест аргументаў толькі неабгрунтаваныя заявы пра «відавочнасць» удзелу СБУ.

Улады Беларусі выказвалі версію пра СБУ і Цэнтральнае выведнае кіраўніцтва ЗША (Сі-Ай-Эй) – атрымалася не надта пераканаўча. Сам факт атакі ў Мачулішчах пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка: 7 сакавіка ён заявіў, што ў Беларусі затрымалі прадстаўніка ўкраінскіх спецслужбаў, а таксама ягонага памочніка, якія, маўляў, маюць дачыненне да дыверсіі самалёта А-50 на аэрадроме «Мачулішчы». Атаку, казаў ён, рыхтавала не толькі СБУ, а і Сі-Ай-Эй. Прапаганда зняла фільм пра гэта, у якім мы знайшлі шэраг несупадзенняў. Пазней прапаганда паказала яшчэ адзін фільм – пра цэлую «шпіёнскую сетку», у якую ўпляла ўжо не толькі СБУ і Сі-Ай-Эй, а яшчэ і Службу ўнутранай бяспекі Польшчы. Калі верыць лукашэнкаўскім прапагандыстам наконт датычнасці Сі-Ай-Эй, то дзіўна, што пра гэта не згадваюць у «выцеку» самі амерыканскія выведнікі, а толькі пераказваюць здагадкі СБУ.

Разбор
Экшан у Мачулішчах: сабралі галоўныя пытанні да версіі беларускіх сілавікоў
2023.03.13 12:12

Гэта не значыць, што СБУ дакладна не датычная да атакі. Аргументаў супраць магчымасці ўдзелу СБУ ў аперацыі ў Мачулішчах няма: нішто не кажа пра тое, што ўкраінскія спецслужбы не маглі дапамагчы беларускім партызанам або пракансультаваць «BYPOL». Але няма і пераканаўчых доказаў, што аперацыю арганізавала ці правяла СБУ – або хаця б таго, што СБУ спрыяла ў яе правядзенні.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў