Фігуранта справы «Рабочага Руху» перавялі на турэмны рэжым. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі


«Белсат» працягвае штодзённы агляд рэпрэсіяў – сабралі факты за 13 снежня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Gapon / AFP / East News

Фігуранта крымінальнай справы «Рабочага Руху» Уладзіміра Жураўку перавялі на турэмны рэжым. Пра гэта паведаміў праваабарончы праект MAYDAY.

Палітвязень Жураўка быў асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па трох артыкулах КК:

арт. 361-1 – стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім;

арт. 188 – паклёп;

арт. 356 – здрада дзяржаве.

Да затрымання Уладзімір працаваў аператарам ДПУ цэху «Аміяк-3» на ААТ «Горадня Азот». Быў затрыманы ў верасні 2021 года разам з яшчэ дзевяццю ўдзельнікамі аб’яднання «Рабочы Рух», а менавіта: Сяргеем Шэлестам, Андрэем Пагерылам, Ганнай Аблаб, Аляксандрам Гашнікавым, Сяргеем Дзюбай, Ігарам Мінцом, Валянцінам Цярэневічам, Сяргеем Шамецькам і Аляксандрам Капшулем.

Як было пазначана ў матэрыялах крымінальнай справы, удзельнікі «Рабочага Руху» нібыта «ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх субʼектаў гаспадарання аб спосабах абыходу мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), а таксама механізмах супрацьдзеяння такім спосабам».

На судзе ніхто з дзесяці палітвязняў сваю віну не прызнаў. Справа разглядалася ў Гомельскім абласным судзе ў асобе суддзі Аляксандра Піскунова.

Пасля ўступлення рашэння суда ў законную сілу палітвязень быў этапаваны ў папраўчую калонію № 2 Бабруйска.

16 лістапада 2023 года суддзёй суда Бабруйскага раёна і г. Бабруйска Паўлам Карцініным было праведзена судовае пасяджэнне аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і змяненняў умоў рэжыму. Уладзіміру змянілі рэжым на турэмны і ён будзе пераведзены ў турму № 4 Магілёва.

За ўдзел у пратэстах 2020 года ГУБАЗіК затрымаў маладога салігорца. Падчас пратэстаў хлопец быў непаўналетні – яму было толькі 15 гадоў. Зараз яму 18 гадоў, ён вучыцца ў беларускім вузе.

З юнаком знялі відэа, на якім ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у вулічных акцыях, а таксама пісаў каментары ў «экстрэмісцкіх» чатах.

«Я пісаў, што мой – гэта горад сцыкуноў, а сам я не ачкаваў выходзіць на пратэсты і кідаць петарды», – заяўляе хлопец на відэа.

За «экстрэмізм» судзілі працаўніцу чыгуначнай станцыі «Орша», жыхарку Барані Галіну Капітонаву. Яе аштрафавалі на 925 рублёў. Справу разглядаў суддзя Мікалай Драгуноў.

«Экстрэмізм» сілавікі знайшлі сярод падпісак жанчыны ў «Аднакласніках» – супольнасць «stop luka».

Падобныя суды праходзяць па ўсёй краіне. У лістападзе ў той жа Оршы чыгуначніка асудзілі за падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, якія ў РБ прызнаныя «экстрэмісцкімі».

У Горадні судом ліквідавалі яшчэ адну арганізацыю нацыянальнай меншасці, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта клуб «Гервячай», які аб’ядноўваў літоўцаў. У ім было 394 удзельнікі.

Пазоўнікам выступала Міністэрства юстыцыі, справу разглядаў суддзя Юрый Карэцкі.

Арганізацыя была зарэгістраваная ў 1994 годзе ў вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёну. Клуб «Гервячай» ладзіў мерапрыемствы разам з Астравецкім райвыканкамам і амбасадай Літвы ў Беларусі, дапамагаў выдаваць кнігі.

У Рымдзюнах была школа з літоўскай мовай навучання, пабудаваная за кошт Літвы ў 1996 годзе. У 2022 годзе школу русіфікавалі.

Паводле апошніх звестак, у Астравецкім раёне цяпер пражывае каля 750 прадстаўнікоў літоўскай нацыянальнасці.

Гомельскі аблвыканкам у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што ў вобласці больш няма ўказальнікаў на лацінцы.

«Як паказала абследаванне ўсіх населеных пунктаў і сеткі аўтамабільных дарог, у Добрушскім, Ельскім, Калінкавіцкім, Кармянскім, Лоеўскім, Нараўлянскім, Кастрычніцкім, Петрыкаўскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім, Светлагорскім і Чачэрскім раёнах, назвы на лацінцы адсутнічалі. У астатніх такія знакі знайшліся, але на сёння ўжо замененыя», – заяўляе першая намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання Ганна Прыкота.

Яна дадае, што адмяніць выкарыстанне лацінкі ў назвах геаграфічных аб’ектаў да канца 2023 года запатрабаваў Лукашэнка. Пры гэтым былі знішчаныя не толькі геаграфічныя ўказальнікі, але і навігацыйныя падказкі на англійскай мове на чыгуначных вакзалах.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў