«Палітык» Васкрасенскі застаўся без візы, але збіраецца абмяркоўваць абмен Пачобута


Пралукашэнкаўскі палітычны дзеяч Юрый Васкрасенскі паскардзіўся ў эфіры ОНТ, што застаўся без візы, але збіраецца абмяркоўваць у амбасадзе Польшчы «абмен Пачобута на Латушку». Апошняе дыпламатычныя крыніцы назвалі лухтою.

Юрый Васкрасенскі ў праграме Марата Маркава на ОНТ. Скрыншот з відэа: youtu.be/HEuQwEXEDjg

Юрый Васкрасенскі заявіў у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу, што Польшча пазбавіла яго візы, бо ён нібыта ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы «не толькі Польшчы, але і для ўсяго Еўразвязу», аб чым яму выдалі адпаведны дакумент на мяжы. Ён сцвярджае, што гэта адбылося пасля «даносу Латушкі». Паводле Васкрасенскага, у 2022 годзе двухгадовую шэнгенскую візу яму выдалі ў польскай амбасадзе.

«Дык вось, такое рашэнне польскі ўрад, нягледзячы на тое, што я адзін з нешматлікіх, хто заклікае да нармалізацыі польска-беларускіх адносінаў, прыняў па даносе Паўла Латушкі», – заявіў Васкрасенскі.

Пры гэтым, паводле Васкрасенскага, амбасада Польшчы быццам бы працягвае мець з ім справу, і яго нібыта запрасілі на сустрэчу найбліжэйшым часам, каб абмеркаваць абмен журналіста і палітвязня, чальца Саюзу палякаў Анджэя Пачобута.

«У найбліжэйшы панядзелак я запрошаны ў польскую амбасаду, і мы будзем абмяркоўваць гэтую сітуацыю», – сказаў Васкрасенскі.

У інтэрв’ю Марату Маркаву на ОНТ Юрый Васкрасенскі таксама расказаў пра змест імаверных перамоваў, што нібыта будуць абмяркоўваць «абмен Анджэя Пачобута на кіраўніка НАУ Паўла Латушку».

На гэтую заяву ўжо адрэагавалі дыпламаты. У інтэрвʼю «Нашай ніве» на ўмовах ананімнасці адзін з прадстаўнікоў еўрапейскага дыпламатычнага корпусу сказаў пра заяву Васкрасенскага, што «гэта пераходзіць ужо ўсякія рамкі, гэта не мае ніякай сувязі з рэчаіснасцю. Ён вярзе лухту».

Што тычыцца скасавання шэнгенскай візы, то Васкрасенскі, маўляў, спрабуе гэтае рашэнне беспаспяхова аспрэчыць.

«Я падаў адпаведны пазоў у польскі суд і чакаю яго разгляду. Але справа чамусьці чацвёрты раз адкладаецца», – паскардзіўся ён.

Васкрасенскі вядомы сваім удзелам у выбарчым штабе прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі. Ён быў затрыманы сілавікамі, утрымліваўся ў СІЗА, дзе падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Віктарам Бабарыкам, Сяргеем Ціханоўскім і некаторымі іншымі палітвязнямі сядзеў па правую руку ад самаабвешчанага прэзідэнта. Васкрасенскага лічаць спецыяльна дэлегаваным ад рэжыму перамоўцам з краінамі Еўропы ў справе вызвалення палітвязняў. Вядома таксама, што ён наведваў месцы зняволення, каб угаворваць вязняў пісаць прашэнне аб памілаванні. Васкрасенскі – пастаянны ўдзельнік розных прапагандысцкіх шоу.

«Белсат» раней паведамляў, што 31 сакавіка падчас звароту да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, адказваючы на пытанне Юрыя Васкрасенскага, Лукашэнка прапанаваў абмяняць журналіста-палітвязня Анджэя Пачобута на Паўла Латушку і чальцоў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Hавiны
Латушка адказаў Лукашэнку: «Мы гатовыя правесці абмен мужчынскай часткі НАУ на ўсіх палітзняволеных»
2023.03.31 16:46

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў