Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны заўважыў падабенства атакі Ірану на Ізраіль з вайной ва Украіне


Іранскі напад на Ізраіль дэманструе, што Тэгеран вучыцца ў Расеі і хусітаў з мэтаю больш небяспечных і эфектыўных аперацыяў, адзначыў у адмысловай справаздачы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны. Адначасовая атака беспілотнікамі і ракетамі мае заблытаць супрацьпаветраную абарону – гэтак жа дзейнічае Расея ва Украіне.

Інфармацыйнае табло ў аэрапорце «Бэн Гур’ён» пасля закрыцця Ізраілем сваёй паветранай прасторы для ўсіх унутраных і міжнародных рэйсаў. Тэль-Авіў, Ізраіль. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Nir Keidar / Anadolu Press / abacapress.com / East News

«Спалучэнне беспілотнікаў, а таксама крылатых і балістычных ракет мае заблытаць і разбурыць ізраільскую супрацьпаветраную абарону. Часткаю гэтай аперацыі сталі сінхронныя атакі з боку баевікоў у Ліване і Емене, якіх падтрымлівае Іран», – піша ў справаздачы амерыканскі ISW.

Атака, учыненая на Ізраіль у ноч на 14 красавіка, дэманструе, што Тэгеран вучыцца ў Расеі і хусітаў з мэтаю больш небяспечных і эфектыўных аперацыяў, цэль якіх – як габрэйская дзяржава, гэтак і ЗША, азначае Інстытут вывучэння вайны:

«Такі падыход паўтарае эксперыменты Расеі, падчас якіх яна чыніць камбінаваныя ўдары па Украіне балістычнымі і крылатымі ракетамі, а таксама іранскімі беспілотнікамі з мэтаю пераадолець амерыканскія і еўрапейскія сістэмы супрацьракетнай і супрацьпаветранай абароны».

Эксперты падкрэсліваюць, што выкарыстанне іранскіх дронаў «шматлікімі непрыяцелямі Злучаных Штатаў» і паглыбленне сувязяў паміж гэтымі краінамі «дапамогуць Ірану, Расеі, Паўночнай Карэі і Кітаю адпрацаваць ужыванне гэтых сістэм». Такім чынам, падсумоўваецца ў справаздачы, ЗША са сваімі партнёрамі і хаўруснікамі сутыкаюцца з усё больш узаемазвязанай групаю супернікаў, якія дапамагаюць адно аднаму і вучацца адно ў аднаго.

Як паведамлялася, Іран запусціў па Ізраілю больш за 300 беспілотнікаў-камікадзэ і ракетаў. Амаль усе яны былі збітыя.

Hавiны
Адзін пацярпелы і «нязначная шкода авіябазе»: вынікі нападу Ірану на Ізраіль
2024.04.14 09:13

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў