МЗС Беларусі «глыбока ўсхвалявалася» абстрэлам Ізраілю. Іран за атаку не асудзіла


Беларускае замежнапалітычнае ведамства распаўсюдзіла каментар з увагі на начны абстрэл Іранам Ізраілю. МЗС заявіла, што «глыбока ўсхваляванае эскалацыяй сітуацыі ў блізкаўсходнім рэгіёне». Пры гэтым асуджаць за атаку Іран улады ў Менску не сталі.

Дэманстранты махаюць іранскімі і палестынскімі сцягамі перад амбасадай Вялікай Брытаніі пасля таго, як Іран запусціў беспілотнікі па тэрыторыі Ізраілю. Тэгеран, Іран. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Atta Kenare / AFP / East News

«Мы паслядоўна выступаем за мірнае ўрэгуляванне канфлікту на Блізкім Усходзе палітычна-дыпламатычнымі сродкамі», – заявіла Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Ведамства звярнулася «да ўсёй сусветнай супольнасці, міжнародных арганізацыяў прыняць захады і кансалідаваць высілкі дзеля неадкладнай стабілізацыі абставінаў».

Шмат якія краіны, а таксама кіраўнік ААН, асудзілі Іран за атаку на Ізраіль (напрыклад, ЗША, Канада, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя, Японія), МЗС Беларусі гэтага не зрабіў.

Ведамства пры гэтым параіла беларусам, якія плануюць паездкі ў рэгіён, улічваць сітуацыю і адсочваць паведамленні авіяцыйных уладаў пра абмежаванні ў паветраных зносінах.

Аніякіх парадаў грамадзянам Беларусі, якія перабываюць у Ізраілі, міністэрства не дало. Ці звярталіся нашыя суайчыннікі ў амбасаду ў Тэль-Авіве ў сувязі з нападам Ірану, не ўдакладняецца.

Паводле афіцыйных звестак, у выніку атакі на поўдні краіны сур’ёзна пацярпела 7-гадовая дзяўчынка, яе параніла абломкамі ракеты супрацьпаветранай абароны. Некалькі асобаў атрымалі лёгкія парэзы ад аскепкаў.

Абнаўляецца
Ізраіль адбіўся ад нападу Ірану і абяцае адпомсціць. ЗША не хочуць атакаваць Тэгеран
2024.04.13 22:43

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў