«Мы перахапілі б і болей». У Ізраілі заявілі, што гатовыя да атакі, і назвалі Іран тэрарыстамі


У ноч на 14 красавіка Іран запусціў па Ізраілі больш за 300 беспілотнікаў і ракетаў, 99 % з іх было перахоплена. Спікерка Цагалю Ганна Уколава ў каментары «Белсату» адзначыла, што бальшыня цэляў была збітая яшчэ да таго моманту, як тыя трапілі ў паветраную прастору Ізраілю.

Абломкі ракеты супрацьпаветранай абароны Ізраілю. 14 красавіка 2024 года.
Фота: Christophe Van der Perre / Reuters / Forum

«Такой масіўнай атакі менавіта з тэрыторыі ўласна Ірану яшчэ не было, аднак мы былі да яе падрыхтаваныя. 99 % гэтай пагрозы было перахоплена. Было запушчана больш за 300 адзінак – і беспілотнікі, і ракеты. І асноўная маса гэтага была перахопленая знішчальнікамі яшчэ да таго, як яны дасягнулі паветранай прасторы Ізраілю», – сказала «Белсату» прадстаўніца прэс-службы Арміі абароны габрэйскай дзяржавы Ганна Уколава.

Яна адзначыла, што адбіцца ад нападу Ізраілю дапамаглі ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя і некаторыя краіны-суседзі, бо «яны разумеюць, што Іран – пагроза не толькі для Ізраілю». «Іран распальвае рэгіянальную вайну і ўяўляе пагрозу нават для сваіх партнёраў, калі ўлічваць тое, што беспілотнікі і ракеты ляцелі над краінамі, бліжэйшымі да межаў Ірану», – заўважыла прэс-сакратарка Цагалю.

Як паведамлялася, Іярданія збівала іранскія ракеты і дроны, што парушылі паветраную прастору каралеўства, і дазволіла ізраільскім і амерыканскім знішчальнікам зайсці ў сваё неба дзеля гэтага ж.

Разбор
Чаму Іран атакаваў Ізраіль – і да чаго тут Газа, «Хамас», «Хізбула» і хусіты
2024.04.14 14:18

Суразмоўца «Белсату» прызнала, што любая ракета ці любы беспілотнік мог бы нанесці істотную шкоду, калі б не своечасовы перахоп паветраных цэляў:

«Калі б іх было болей, мы перахапілі б і болей, бо Ізраіль рыхтаваўся да гэтай атакі. Рыхтаваўся не толькі пасля заяваў Ірану, тыдзень ці паўтары. Пагроза балістычных ракетаў з Ірану вядомая нам даўно, у сувязі з чым былі распрацаваныя розныя сістэмы СПА, што мы сёння маем, – гэта рознаўзроўневая сістэма, прыдатная падчас розных пагрозаў».

Уколава назвала Іран тэрарыстычнай арганізацыяй, якая хлусіць пра нібыта паспяховы абстрэл Ізраілю:

«Іран дзейнічае як тэрарыстычная арганізацыя. Гэта тэрарыстычная атака на дзяржаву. Нават калі глядзець на нашых найбліжэйшых непрыяцеляў – «Хамас» і «Хізбулу» – яны ніколі асабліва не вызначаліся трапнасцю. Вядома, ім трэба заявіць пра поспех таго, што яны зрабілі. Ізраіль спакойна прачнуўся раніцою, у нас з нядзелі пачынаецца працоўны тыдзень, спакойна пачаў працоўны тыдзень. Ірану проста патрэбна паказаць, што яны нечага дасягнулі, аднак насамрэч гэта не так».

Раней кіраўнік Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі Гусэйн Салямі заявіў, што ўдар па Ізраілі стаўся паспяховейшым, чымся чакалася.

Паводле афіцыйных звестак, у выніку абстрэлу «нязначныя пашкоджанні» атрымала вайсковая база на поўдні Ізраілю, прадстаўніца Цагалю запэўніла, што там ніхто не пацярпеў, аб’ект функцыянуе.

Hавiны
Адзін пацярпелы і «нязначная шкода авіябазе»: вынікі нападу Ірану на Ізраіль
2024.04.14 09:13

Цяпер урад габрэйскай дзяржавы думае над адказам Ірану. Калі атака будзе, то Тэгеран сваім абстрэлам Ізраілю паставіў пад пагрозу жыццё ўласных грамадзянаў, падкрэсліла суразмоўца «Белсату».

«Іран стварае няпростую сітуацыю на Блізкім Усходзе, пагражаючы не толькі Ізраілю, але і іншым краінам рэгіёну. Вядома, чым болей у іх патэнцыялу наносіць удар, тым больш небяспечным становіцца гэты рэжым. Яны не пабаяліся нанесці ўдар са сваёй тэрыторыі, чым, натуральна, паставілі пад пагрозу жыхароў Ірану, калі будзе ўдар у адказ па Іране. Акурат цяпер у нас вайсковы кабінет сабраўся, каб вызначыць, якія будуць далейшыя дзеянні», – сказала Ганна Уколава.

Гісторыі
«Новы год, ядзім пад салют у небе». Як жыхары Ізраілю перажылі ноч пад іранскімі ракетамі
2024.04.14 12:59

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў