У сацсетках паказалі, як «Жалезны купал» адбіваўся ад атакі Ірану на Ізраіль


У ноч на 14 красавіка Іран запусціў па Ізраілі больш за 300 беспілотнікаў і ракет. Паводле афіцыйных звестак, значных разбурэнняў удалося пазбегнуць, сур’ёзна пацярпела адна асоба – 7-гадовая дзяўчынка. Жыхары Ізраілю публікуюць у сацсетках, як сістэма супрацьпаветранай абароны – «Жалезны купал» – ратавала краіну.

Гэтая атака Ірану была помстаю за ўдар па консульстве ісламскай дзяржавы ў Дамаску 1 красавіка. Тады загінулі найменей як 13 асобаў, у тым ліку 7 высокапастаўленых камандзіраў Корпуса вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі. Тэгеран абвінаваціў у нападзе Ізраіль і паабяцаў адказаць.

Іранскай атакі чакалі ўсе наступныя дні. Пра непазбежнасць удару папярэджвала амерыканская выведка. Што праўда, ЗША не эвакуявалі супрацоўнікаў сваёй амбасады ў Ізраілі, як гэта было напярэдадні ўварвання Расеі ва Украіну.

У ноч на 14 красавіка Іран запусціў па Ізраілі 185 дронаў, 36 крылатых ракет і 110 ракет класа «зямля-зямля». Амаль усе паветраныя цэлі былі перахопленыя.

Беспілотнікі і ракеты збівала не толькі сістэма СПА «Жалезны купал», у гэтай аперацыі былі задзейнічаныя знішчальнікі – Іярданія дазволіла ізраільскім і амерыканскім самалётам зайсці дзеля гэтага ў сваю паветраную прастору.

Сведчанні таго, як «Жалезны купал» адбіваўся ад іранскай атакі, жыхары Ізраілю публікуюць у сацсетках.

Паветраныя цэлі перахоплівалі таксама каля мячэці Аль-Акса ў Іерусаліме – яна лічыцца трэцяй у значнасці сярод мусульман.

«Аль-Акса пад атакаю, аднак не з боку Ізраілю, а з боку ісламскага рэжыму ў Іране. Ці асудзіць мусульманскі свет Іран?» – напісаў блогер Хананія Нафтані.

У выніку нападу Ірану сур’ёзна пацярпела 7-гадовая дзяўчынка – яе паранілі аскепкі ракеты супрацьпаветранай абароны. Акрамя таго, «нязначную шкоду» атрымала авіябаза ізраільскага войска на поўдні краіны.

Hавiны
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны заўважыў падабенства атакі Ірану на Ізраіль з вайной ва Украіне
2024.04.14 10:05

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў