Маці Рамана Пратасевіча вярнулася ў Беларусь


Маці Рамана Пратасевіча Наталля вярнулася ў Беларусь да сына, паведамляе БелТА. Жанчына з’ехала з краіны восенню 2020 года.

Маці Рамана Пратасевіча Наталля вярнулася ў Беларусь.
Фота: БелТА

Паведамляецца, што ў сакавіку гэтага года Наталля Пратасевіч падала зварот у «камісію для вяртання» ў Беларусь і ўжо ў траўні вярнулася ў краіну.

«Эмоцыяў мора, вядома. У сакавіку я напісала ў камісію для вяртання ў Беларусь. 29 красавіка я атрымала адказ, што ў дачыненні мяне няма ні крымінальных, ні адміністратыўных парушэнняў. У траўні я неадкладна вярнулася ў Беларусь», – расказала жанчына.

Яна распавяла, што засумавала па родных, Менску і ўвогуле па Беларусі.

Маці Рамана Пратасевіча Наталля вярнулася ў Беларусь.
Фота: БелТА

«У краіне я не была амаль тры гады. Для мяне шмат значыць, што ёсць дом, родная зямля і сямʼя. Самае галоўнае ў жыцці – калі ёсць магчымасць абняць дзяцей, маму. Ёсць магчымасць выйсці на вуліцу і пачуць родную мову. Для мяне гэта незабыўныя эмоцыі», – кажа Наталля.

Нагадаем, што 22 траўня 2023 года стала вядома пра тое, што Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча. Аднак Раман застаецца ў Беларусі і за ім усталяваны нагляд. 3 траўня Пратасевіч быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў