ААЦ адабраў дамены яшчэ ў двух рэсурсаў: «Медиа-Полесье» і Symbal.by


Следам за выданнем Reform.by улады адабралі даменныя імёны яшчэ ў двух беларускіх рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі». Гэта незалежны партал «Медиа-Полесье» (Media-Polesye.by) і крама Symbal.by, якая гандлявала нацыянальнай сімволікай.

Заснавальніца і галоўная рэдактарка сайту «Медиа-Полесье» Святлана Гарда.
Фота: baj.by

Гэта чарговы крок беларускіх уладаў па «зачыстцы» ў нацыянальным сегменце даменаў «экстрэмісцкіх рэсурсаў», да якіх рэжым адносіць незалежныя медыі і рэсурсы разнастайных беларускіх грамадзянскіх ініцыятываў.

Як адзначыла галоўная рэдактарка «Медиа-Полесья» Святлана Гарда, яна была гатовая да рашэння ААЦ: «Скажам так, сённяшні ліст ад ААЦ не стаў нейкім сюрпрызам для нас, мы ўжо былі падрыхтаваныя. Будзем працаваць. Будзем спадзявацца, што нашыя чытачы ўсё зразумеюць і падтрымаюць нас у гэты час. У нас ёсць сацсеткі – агулам амаль сто тысяч падпісчыкаў маем там».

Цяпер сайт «Медиа-Полесья» можна знайсці на дамене Media-Polesye.Соm. У сваю чаргу сайт крамы Symbal.by «пераехаў» на даменнае імя symbalby.com.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. З фасада зачыненай крамы Symbal.by здымаюць шыльду. Менск, 2021 год.
Фота: Symbal.by

Уладальнікі Symbal.by напісалі, што ацэньваюць гэта як «грубае парушэнне свабоды слова і права на ўласнасць», але пры гэтым адзначылі, што былі гатовыя да такога падзей і загадзя пераехалі на серверы за межамі Беларусі, а таксама змянілі дамен на міжнародны.

«Першапачатковы дамен symbal.by ужо даўно быў заблакаваны ў Беларусі, але заставаўся даступны з-за мяжы і праз VPN. Адпаведна, нашы інфармацыйныя рэсурсы працягнуць сваю працу», – напісалі ўладальнікі крамы.

Нагадаем, што 15 красавіка рэдакцыя Reform.by атрымала ліст ад Аператыўна-аналітычнага цэнтру з рашэннем ануляваць запіс аб рэгістрацыі даменнага імя reform.by. Пастанову аб ануляванні абавязаны выканаць рэгістратар hoster.by. Некалькі дзён таму ААЦ змяніў інструкцыю аб рэгістрацыі даменных імёнаў і цяпер «паводле закону» можа ануляваць рэгістрацыю даменаў, залучаных у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Hавiны
Улады адбіраюць дамен reform.by
2024.04.15 13:57

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў