«Дадатковая рызыка падчас крызісу». Аб’ём гатоўкі ў Беларусі ўпершыню перавысіў 10 млрд рублёў


За год гатоўкі ў Беларусі паболела на 33%. Цяпер у абарачэнні больш за 10 млрд рублёў. Эканамістка Настасся Лузгіна растлумачыла «Белсату», чаму гэта небяспечна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 1prof.by

Нацбанк апублікаваў статыстыку шырокай грашовай масы на 1 красавіка. З гэтых звестак вынікае, што аб’ём гатоўкі ў нашай краіне перавысіў 10 млрд рублёў (рост ад пачатку года – 5,9%, а ад леташняга красавіка – 33%).

Адначасова апошнія два месяцы павялічваюцца пераводныя дэпазіты (гэта грошы на картках і бягучых рахунках), цяпер – 6,5 млрд рублёў. Год да года паказнік вырас на 45,6%.

Гэта так званыя хуткія грошы, якія вокамгненна можна выдаткаваць на пакупку валюты або якіх-кольвек тавараў, – і ў гэтым іх небяспека, растлумачыла эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату»:

«Калі ўзнікае нейкая шокавая сітуацыя, і людзі бягуць у крамы, бягуць за валютаю, то гэта аўтаматычна прыводзіць да паскарэння інфляцыі і павялічвае рызыкі дэвальвацыі беларускага рубля, бо попыт рэзка расце як на тавары, гэтак і на валюту. Мы не кажам, што так абавязкова здарыцца, аднак гэта дадатковая рызыка».

Гатоўкі более з розных прычынаў, разважае экспертка. Паводле афіцыйнай статыстыкі, прыбыткі беларусаў растуць, і, груба кажучы, грошы няма куды дзяваць. Можна было б на тэрміновыя дэпазіты ў банкі, але не нясуць:

«Пераводныя дэпазіты павялічыліся год да года на 45,6% – болей, чымся гатоўка. Частку прыбыткаў беларусы пераводзяць у наяўную форму, частка ляжыць на бягучых рахунках. Для банкаў было б добра, калі б людзі актыўна пераводзілі ў тэрміновыя дэпазіты, аднак тыя выраслі за год на 27,7% – меней, чымся пераводныя дэпазіты і гатоўка. Актыўнага ператоку няма».

Гатоўкі цяпер у абарачэнні – 23,6% ад усёй рублёвай масы. У 2020 годзе, напрыклад, было 17,8%. «Натуральна, гэта не вельмі добрая тэндэнцыя. Калі гатоўкі более, гэтымі грашыма банкам цяжэй кіраваць, цяжэй рабіць прагнозы», – кажа Лузгіна.

Што датычыць валютных дэпазітаў фізічных асобаў, то тут заўважная розніца: у той час, калі тэрміновыя працягнулі далейшае скарачэнне (год да года амаль на 18%), пераводныя павялічыліся на 32,6%.

«Агулам фізічныя асобы зменшылі колькасць валюты на сваіх рахунках, за год – на 4,8%. Пераводныя дэпазіты выраслі да 1,6 млрд долараў, гэта нейкія прыбыткі з-за мяжы, тыя ж айцішнікі, імаверна, знайшлі нейкія каналы і атрымліваюць заробкі. А тэрміновыя ўклады працягнулі скарачацца. Гэта не новая тэндэнцыя: людзі не разглядаюць валюту як сродак ашчаджэння ў банках», – канстатавала эканамістка.

Hавiны
Нацбанк хоча яшчэ ў пяць разоў знізіць ліміт максімальнай аплаты гатоўкаю
2024.03.28 09:23

Адсоткавыя стаўкі валютных дэпазітаў надзвычай нізкія, і руку тут прыклаў Нацбанк. Камерцыйныя банкі не зацікаўленыя ў замежных грашах, бо рэгулятар зрабіў высокімі страхавыя адлічэнні за кожны такі ўклад.

«Калі любы банк прыцягвае дэпазіт, ён мае рабіць страхавы ўнёсак – адсотак ад сумы – на рахунак Нацбанку. І вось у замежнай валюце цяпер гэты ўнёсак буйны – няважна, ці то расейскія рублі, ці то долары, ці юані. Цэнтрабанк робіць так, каб валютныя дэпазіты не былі выгадныя з мэтаю дэвалютызацыі эканомікі», – адзначыла суразмоўніца «Белсату».

Агляд
Беларусы сталі пазітыўней ацэньваць эканоміку, але не маюць упэўненасці ў заўтрашнім дні
2024.03.27 17:03

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў