Спатрэбіцца і парасон, і пухавік: якім будзе надвор'е на тыдні


На новым тыдні надворʼе ў Беларусі будзе няўстойлівае: чакаюцца дажджы, у некаторых месцах – мокры снег, начамі можа быць мінусавая тэмпература, перадае «Белгідрамет».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: tv-mig.ru

У панядзелак, 15 красавіка, чакаецца пераменная хмарнасць. Уначы на паўднёвым усходзе, а ўдзень у асобных раёнах на поўначы можа быць дождж. Удзень чакаецца моцны парывісты вецер, з парывамі да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе + 2… + 8 °С, удзень – ад + 7 °С на поўначы да + 15 °С на поўдні.

У аўторак, 16 красавіка, – зноў дажджы, а месцамі магчымыя і навальніцы. Уначы і раніцаю могуць быць слабы туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе – 2… + 4 °С, на поўдні і паўднёвым захадзе будзе + 5… + 7 °С, удзень – ад + 6 °С на поўначы да + 17 °С на паўднёвым усходзе.

У сераду, 17 красавіка, будуць дажджы, а месцамі магчымы мокры снег. Сіноптыкі таксама прагназуюць у асобных раёнах слабы туман і галалёд. Тэмпература паветра ўначы складзе -1… +6 °С, удзень будзе + 6… + 13 °С, на паўднёвым усходзе – да + 15 °С.

З чацвярга, 18 красавіка, панаваць будуць атмасферныя франты ад паўднёвага цыклону. Зрэшты, сітуацыю з надворʼем ён не палепшыць – у прагнозе сіноптыкаў на другую палову тыдня засталіся дажджы і красавіцкі холад – да + 1 ° C… + 6°C уначы і да + 6 °C… + 13 °C удзень.

Да выхадных, 20–21 красавіка, пацяплення не прадбачыцца. Сіноптыкі папярэдзілі пра кароткачасовыя ападкі, ранішнія туманы, праз якія бачнасць на дарогах можа падаць да паўкіламетра, а таксама пра парывісты вецер.

Чакаецца, што ў начныя гадзіны ў наступныя выходныя могуць быць замаразкі – да – 1 °C, а дзённая тэмпература будзе вельмі нізкай, у параўнанні з папярэднім рэкордна цёплым тыднем: на суботу, 20 красавіка, прагназуецца + 1 °C для паўночнага ўсходу Беларусі і да + 10 °C для паўднёвага захаду, а на нядзелю 21 красавіка – ад + 3 °C на поўначы да + 10 °C на паўднёвым захадзе краіны.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў