У ЖКГ распавялі, як часта камунальнікі мусяць прыбіраць пад’езды і за чый кошт


У Беларусі на прыбіранне падʼездаў няма сродкаў, апрача тых, што жыхары плацяць за камунальныя паслугі, піша рэсурс «Менск-Навіны».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: perekrestok.pro

На санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў прызначаны адзіны тарыф. Ён прывязаны да плошчы кватэры: не больш за 4,97 капейкі за 1 м² у Менску, 5,6 капейкі – у вобласцях.

Таму камунальныя службы мусяць укласціся ў гэтую суму і выканаць патрабаванні, прапісаныя ў заканадаўстве. Там дакладна пазначаныя перыядычнасць прыбірання падʼездаў і пералік працаў.

«Належны санітарны стан мае на ўвазе адсутнасць якога-небудзь смецця і іншых забруджванняў у падʼездзе», – пракаментавала намесніца генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду Менскай гарадской жыллёвай гаспадаркі Анастасія Варабʼёва.

Згодна з пастановай ЖКГ, сухое прыбіранне на першых паверхах падʼезду і ў кабінах ліфтаў мусіць праводзіцца не менш як двойчы на тыдзень.

На астатніх паверхах, калі ў доме няма ліфту, прыбіраць мусяць не менш за адзін раз на тыдзень, калі ліфт ёсць – не менш за два разы на месяц.

Што да мыцця, то ў дамах без ліфтаў яго абавязаныя рабіць не менш за два разы на месяц, з ліфтамі – не менш за адзін раз на месяц.

Генеральнае прыбіранне праводзяць мінімум раз на год. У яго ўваходзяць мыццё вокнаў, вільготнае праціранне сценаў, дзвярэй, плафонаў, ацяпляльных прыбораў, абмятанне пылу са столяў.

Аб’ектыў
Упарадкоўваць двары мусяць жыльцы?
2024.03.12 19:58

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў