У студзені – лютым сёлета рэальныя прыбыткі беларусаў павялічыліся на 7,8 % год да года, падлічыў Белстат. Афіцыйная статыстыка сведчыць, што рост гэтага паказніку паскараецца.
Рэальныя прыбыткі – гэта грошы, што застаюцца на руках пасля выплаты падаткаў і ўнёскаў ды ўлічваюць інфляцыю. Як паведаміў Белстат, у студзені – лютым сёлета гэты паказнік павялічыўся на 7,8 % год да года. Апошні раз такі істотны рост рэальных прыбыткаў быў у 2018 годзе. Тады ў параўнанні з 2017-м беларусы пабагацелі на 7,9 %.
Цяпер у агульным аб’ёме прыбыткаў 63,2 % складаюць заробкі, 23,4 % – пенсіі, стыпендыі, грашовая дапамога, 8,1 % – прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасці, 5,3 % – прыбыткі ад уласнасці ды іншыя прыбыткі.
У студзені год да года рэальныя прыбыткі беларусаў павялічыліся на 5,1 %. Такім чынам, паводле статыстычнага ведамства, рост гэтага паказніку паскорыўся.
У 2023 годзе ў параўнанні з 2022-м рэальныя прыбыткі паболелі на 6,3 %. Найбольш летась пабагацелі жыхары Берасцейшчыны – 8,7 %. У Гомельскай і Гарадзенскай вобласцях паказнік павялічыўся на 8,4 %. У Менскай вобласці – на 8,2 %, у Магілёўскай – на 7,7 %, у Віцебскай – на 7,4 %. Менск з вынікам плюс 2,4 % быў у хвасце.
Сцяпан Кубік belsat.eu