Дадатнае сальда вонкавага гандлю Беларусі скарацілася за год у пяць разоў


У студзені – лютым сёлета краіна зарабіла на вонкавым гандлі $ 23 млн – гэта ў 5,5 разу меней, чымся за той жа час летась. Імпарт павялічваецца шпарчэй за экспарт, а экспарт расце мінімальна, сведчаць звесткі Нацбанку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Tyler Casey / Unsplash

Агулам у студзені – лютым Беларусь нагандлявала на $ 14,9 млрд – гэта на 1,3 % болей год да года. Пры гэтым экспарт вырас на 0,6 %, а імпарт – на 2 %. Сальда вонкавага гандлю таварамі і паслугамі склалася дадатнае – $ 23,1 млн. Летась у студзені – лютым было $ 126,6 млн.

Калі б не паслугі, вынікі былі б значна горшымі, бо гандаль таварамі – у глыбокім мінусе: экспарт вырас на 1,5 %, імпарт – на 2,3 %, адмоўнае сальда – амаль $ 400 млн. За першыя два месяцы мінулага года яно таксама было адмоўным, але на 16,6 % меншым.

Хаця паслугі і ратуюць вонкавы гандаль, аднак паказнікі таксама нярадасныя. Экспарт паслугаў (раней гэты паказнік квітнеў дзякуючы IT-сектару) скараціўся на 3,9 %, імпарт таксама ўпаў, але не так моцна: на 0,6 %. Сальда – дадатнае, $ 422 млн, гэта на 10 % меней, калі параўноўваць з студзенем – лютым летась.

Асобна Белстат апублікаваў звесткі пра вонкавы гандаль толькі таварамі, і тут лічбы крыху іншыя і яшчэ горшыя: адмоўнае сальда склала $ 482 млн. Экспарт, паводле ведамства, вырас год да года на 2 %, а імпарт – на 2,2 %.

Прыбыткі Беларусі дае гандаль з краінамі СНД – тут гаворка ідзе найперш пра Расею, галоўнага партнёра цяперашніх уладаў у Менску. Сальда з дзяржавамі былога Савецкага Саюзу – дадатнае, $ 254,5 млн, аднак экспарт туды скараціўся на 1,1 %, а імпарт адтуль вырас ажно на 9 %.

Адначасова заўважна павялічыўся экспарт у астатнія краіны свету – на 8,7 %, а імпарт, наадварот, зменшыўся – на 5,8 %. Сальда застаецца адмоўным: $ 736,5 млн.

Улады зрабілі таямніцаю звесткі пра тое, якімі менавіта таварамі і з якімі дзяржавамі гандлюе Беларусь. Гэта ж тычыцца і паслугаў. Інфармацыю хаваюць, і немагчыма пабачыць, чаму змяняюцца тыя ці іншыя паказнікі.

Hавiны
Экспарт упаў у два разы: што Польшча ўсё яшчэ купляе ў Беларусі
2024.02.25 08:05

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў