Ціханоўская папрасіла прэм’ера Канады закрыць шчыліны ў санкцыях


Прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо прыняў у сваім офісе ў Атаве абраную прэзідэнтку Беларусі Святлану Ціханоўскую. Палітыкі абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі, санкцыямі, беларускімі незалежнымі медыямі ды іншыя пытанні, паведаміў «Белсату» Офіс Ціханоўскай.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо на сустрэчы ў Атаве. 16 красавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Гэта ўжо другая сустрэча Жустэна Трудо і Святланы Ціханоўскай. Гэтым разам перамовы адбыліся ў офісе прэм’ер-міністра Канады ў Атаве.

«Трудо выказаў падтрыманне дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці Беларусі, цікавіўся лёсам палітвязняў, а таксама станам беларускіх медыяў. Ціханоўская распавяла пра працу дэмакратычных сілаў і заклікала Канаду да больш шчыльнай супрацы з Аб’яднаным пераходным кабінетам», – паведамілі «Белсату» ў Офісе абранай прэзідэнткі.

Палітыкі абмеркавалі закрыццё шчылінаў у санкцыях супраць лукашэнкаўскіх уладаў, а таксама «намаганні рэжыму зняць санкцыі з калійных угнаенняў, якія ёсць істотнай крыніцай прыбыткаў для рэжыму».

Ціханоўская папрасіла прэмʼера звярнуць увагу на вытворчасць на тэрыторыі Беларусі зброі і яе кампанентаў, бо іх надалей атрымлівае расейскае войска.

Акрамя таго, абраная прэзідэнтка папрасіла Трудо вынесці пытанне Беларусі на парадак дня падчас старшынства Канады ў G7, запрасіць беларускія дэмакратычныя сілы на саміт «‎Вялікай сямёркі»‎ ў Канадзе, а таксама падтрымаць нашую краіну ў ААН і АБСЕ.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо на сустрэчы ў Атаве. 16 красавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас візіту ў Канаду Святлана Ціханоўская сустрэлася таксама са спікерамі Палаты прадстаўнікоў і Сенату, лідарам групы «За дэмакратычную Беларусь» і прадстаўнікамі канадскай апазіцыі – у поглядах на нашую краіну разыходжання паміж рознымі палітычнымі сіламі ў Канадзе няма.

Кіраўніцтва парламенту выказала салідарнасць і падтрыманне дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці ды паабяцала працягваць падтрымліваць беларусаў.

Падчас сустрэчаў абмяркоўвалася сітуацыя з палітвязнямі, санкцыі, а таксама падтрыманне рэпрэсаваных беларусаў і незалежных медыяў, прыцягненне ўладаў Беларусі да адказнасці. У цэнтры ўвагі былі і праблемы дыяспары ў Канадзе.

Ціханоўская заклікала дэпутатаў рабіцца хроснымі для палітвязняў, сустракацца з прадстаўнікамі дыяспары дзеля развязання праблемаў з легалізацыяй, наведаць Вільню і Варшаву, каб пабачыцца з былымі палітвязнямі, праваабаронцамі і прадстаўнікамі медыяў, ладзіць Дні салідарнасці з Беларуссю.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская і міністарка замежных справаў Канады Мэляні Жалі на перамовах у Атаве. 16 красавіка 2024 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

На дадатак, абраная прэзідэнтка сустрэлася з міністаркай замежных справаў Канады Мэляні Жалі. Яны абмеркавалі пашырэнне дапамогі беларускім грамадзянскім ініцыятывам праз амбасаду Канады ў Варшаве, падтрыманне і рэабілітацыю рэпрэсаваных і палітвязняў, санкцыі на калійныя ўгнаенні.

Асобную ўвагу прысвяцілі супрацы з тэхналагічнымі кампаніямі кшталту «Google» і «Facebook» у справе супрацьдзеяння дэзынфармацыі і прапагандзе.

Ціханоўская ўзняла пытанне легалізацыі ў Канадзе беларусаў, якія не могуць аднавіць дакументаў і пашпартоў у звязку з адмовай Лукашэнкі надаваць консульскія паслугі; палітычныя дзяячкі абмяркоўвалі, як гэта можна развязаць.

Hавiны
Прэзідэнтка Грэцыі заявіла, што падтрымлівае дэмакратычныя патрабаванні беларусаў
2024.04.13 19:34

Вынікі ўсіх перамоваў у Канадзе наступныя:

  • Канада запускае стратэгічныя кансультацыі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі (аналаг стратэгічнага дыялогу, ужо запушчанага з ЗША) у трох кірунках: санкцыі, абарона правоў, медыі ды супрацьдзеянне дэзынфармацыі.
  • Канада зацвярджае новы санкцыйны пакет супраць уладаў, у які трапіла 21 асоба, звязаная са злачынствамі і рэпрэсіямі супраць беларусаў, у тым ліку сілавікі, пракуроры, начальнікі калоніяў. Пералік будзе рэгулярна дапаўняцца.
  • Канада выдаткоўвае дадаткова 1 млн канадскіх долараў на падтрыманне незалежных медыяў, праекты для супрацьдзеяння прапагандзе і дэзынфармацыі.
Hавiны
Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных справаў Польшчы. Казала пра візы, санкцыі, палітвязняў
2024.04.12 15:25

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў