Апошнія словы ў судзе Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай


У судзе Фрунзенскага раёну Менску закончыўся разгляд крымінальнай справы журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Вырак нашым каляжанкам агучаць 18 лютага а 10:00. Сёння яны выступілі з апошнім словам.

Апошняе слова Дар’і Чульцовай

Высокі суд, прашу вас дасканальна разабрацца і даць непрадузятую адзнаку матэрыялам справы. Усе матэрыялы ўказваюць на маю невінаватасць. Я спадзяюся на сумленны, справядлівы і законны апраўдаўчы прысуд.

Апошняе слова Кацярыны Андрэевай

Мне 27 гадоў, 6 з іх я прысвяціла ўлюбёнай прафесіі – журналістыцы.

Мінулым летам я ператварылася ў рэпарцёра з гарачае кропкі. Шторазу, калі я працавала, я рызыкавала не толькі сваёй свабодай, але і здароўем, жыццём. Для маёй сям’і гэта значыла, што аднойчы я магу не вярнуцца дадому. І тым не менш, я ішла ў гушчыню падзеяў, каб паказаць іх гледачу без перашкодаў. Мне ўдавалася ўхіляцца ад гумавых куляў і працягваць весці рэпартаж, працягваць выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Маім калегам пашчасціла менш. Іх білі ў жывот, ім ламалі насы, у іх стралялі з некалькіх метраў. І дагэтуль паводле фактаў гвалту над журналістамі, як і над мірнымі грамадзянамі, якія пратэставалі, не распачалі ніводнае крымінальнае справы.

11 лістапада 31-гадовы Раман Бандарэнка быў забіты за тое, што не дазваляў невядомым грамадзянам зразаць бела-чырвона-белыя стужкі на дзіцячай пляцоўцы.

15 лістапада людзі, узрушаныя гэтым злом, выйшлі выказаць свой пратэст. Я паказвала гэтыя падзеі на плошчы Пераменаў у жывым эфіры тэлеканалу «Белсат». За гэта мяне кінулі за краты на падставе прыдуманага, сфабрыкаванага абвінавачання. Прадстаўленыя на судзе доказы ў поўнай меры даказваюць маю невінаватасць. Я не арганізоўвала дзеянняў, якія груба парушаюць спакой, я не схіляла нікога да парушэння закону, я не здзяйсняла злачынства сама.

І гэта відавочна абсалютнай большасці прысутных у гэтай зале. Высокі суд, я мяркую, што вам, часцей за ўсё, даводзілася бачыць у гэтай клетцы людзей, якія пацярпелі жыццёвае фіяска. Але вось сёння ўсё не так. У мяне ёсць маладосць, любімая прафесія, поспех, вядомасць, а галоўнае – чыстае сумленне. І свае сілы я хачу накіраваць выключна на стварэнне ў Беларусі, на служэнне ёй. Беларусі, дзе не будзе месца палітычным рэпрэсіям, дзе не будуць пераследаваць за сумленную журналістыку, за праўду.

Я не прашу, а патрабую апраўдання і вызвалення для сябе і маіх калегаў. Свабоду Дар’і Чульцовай, свабоду Кацярыне Барысевіч, свабоду Ігару Лосіку, Але Шарко, Юліі Слуцкай і астатнім сотням палітычных зняволеных. Дзякуй.

Hавiны
Трэці дзень суда над Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. ОНЛАЙН
2021.02.17 09:56

belsat.eu

Стужка навінаў