Камітэт Сейму Літвы па нацыянальнай бяспецы ўхваліў абмежаванне для беларусаў на паездкі дамоў


Прапанову аб абмежаванні паездак беларусаў на радзіму ўхвалілі 17 красавіка ў камітэце Сейму Літвы ў сферы нацыянальнай бяспекі і абароны, піша «Delfi». Гэтую прапанову яшчэ мусіць разглядзець Сейм агулам. Калі будзе разгляд, не анансуюць.

Вулічнае жыццё Вільні, Уличная жизнь Вильнюса
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ля Вострай брамы на вуліцы Вострабрамскай. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Ідэя ў тым, каб від на жыхарства для грамадзянаў Беларусі і Расеі анулявалі ў выпадку, калі чалавек будзе наведваць краіну грамадзянства часцей за адзін раз на тры месяцы, а значыць, «будзе ствараць пагрозу бяспецы Літвы».

Аўтар тэксту заключэння камітэту Арвідас Анушаўскас адзначыў, што прапанова не вырашыць праблемаў праз грамадзянаў трэціх краінаў, якія прыбываюць у Літву праз Расею, але агулам падтрымаў праект як кампрамісны варыянт.

Камітэт не падтрымаў больш жорсткай прапановы пазбаўляць віду на жыхарства, калі грамадзянін Беларусі ці Расеі ездзіць на радзіму часцей за раз на квартал цягам 12 месяцаў.

У праекце правак адзначалі, што «абсалютная большасць беларусаў, якія маюць часовы від на жыхарства ў Літве, больш ці менш рэгулярна вяртаюцца ў Беларусь», у тым ліку тыя, каму выдавалі ВНЖ на гуманітарных падставах. На думку аўтараў праекту, калі беларусы вяртаюцца на радзіму, іх там могуць завербаваць, выдаць заданні для выведкі.

Hавiны
Дэпартамент міграцыі Літвы распавёў, колькі ў краіне беларусаў і чаму рост іх колькасці запаволіўся
2024.04.03 12:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў