У Горадні судзяць 18-гадовага хлопца за ўдзел у пратэстах. Яму пагражае 15 гадоў калоніі


17 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёну Горадні пачаўся суд над 18-гадовым Арцёмам Янкоўскім. Як пішуць праваабаронцы, хлопца вінавацяць паводле ч. 1 арт. 293 КК («Арганізацыя масавых закалотаў»).

Антон Яноўскі. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Пасля затрымання сілавікі апублікавалі відэа, на якім Арцём кажа, быццам у 2020 годзе ён прапаноўваў закідваць міліцыянтаў кактэйлямі Молатава і дасылаў сябрам інструкцыю для іх вырабу. Справу разглядае суддзя Віталь Лабоцкі.

Падчас масавых пратэстаў 2020-га Арцёму было толькі 15 гадоў. Затрымалі яго сёлета 13 жніўня, праз некалькі месяцаў пасля паўналецця – спярша паводле адміністратыўнага абвінавачання (арт. 19.11 КаАП – «Распаўсюд экстрэмісцкай дзейнасці»). Потым на гарадзенца завялі крымінальную справу. Цяпер яму пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі.

2 лістапада КДБ залучыў Янкоўскага ў тэрарыстычны спіс. Гэта адбылося яшчэ да пачатку суда.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў