13 дзяцей сталі ахвярамі сексуальнага гвалту ў дзіцячым садку Магілёўскай вобласці


Цягам 2023 года працаўнік дзіцячага садка аднаго з гарадоў Магілёўскай вобласці ажыццяўляў дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні 13 дзяцей, паведамляе Следчы камітэт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: incamp.ru

Як вызначылі следчыя, у сакавіку 2023-га ў садок на пасаду рабочага ўладкаваўся 48-гадовы мужчына, які меў вышэйшую педагагічную адукацыю. Адміністрацыя дзіцячай установы адгукалася пра яго вельмі добра, называючы мужчыну ветлівым і адказным працаўніком.

Раскрыць дзеянні мужчыны дапамог трохгадовы хлопчык: ягоная маці прыкмеціла, што дзіця раптам стала адмаўляцца хадзіць у садок. Пазней хлопчык расказаў падрабязнасці «гульні», у якую гуляў з дзядзем. Гэтым «дзядзем» аказаўся той самы новы працаўнік установы.

Як было вызначана следствам, з сакавіка да верасня мужчына здзейсніў распусныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні 13 дзяцей ва ўзросце 2–3 гадоў, карыстаючыся тым, што яны не разумелі значэння ўчыненых у дачыненні іх супрацьпраўных дзеянняў. Маючы вышэйшую педагагічную адукацыю, мужчына ведаў, як уваходзіць у давер да дзяцей. Маляты пры гэтым не расказвалі нікому з дарослых пра тое, што адбывалася з імі ў дзіцячым садку.

Мужчыну выстаўленае абвінавачанне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу РБ: ч. 3 арт. 167 («Іншыя дзеянні сексуальнага характару, учыненыя ў дачыненні заведама малалетніх») і ч. 2 арт. 169 («Распусныя дзеянні, учыненыя ў дачыненні заведама малалетніх»).

Судовая экспертыза не выявіла ў мужчыны разладаў сексуальнай сферы, паводле свайго псіхалагічнага стану ён можа ўсведамляць значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў