Беларусь і Расея прагаласавалі супраць прадстаўніка Эстоніі на пасаду старшыні АБСЕ налета, перадае выданне ERR. Цяпер пытанне абмяркуюць на наступным тыдні на сустрэчы ў Скоп’е.
Пра тое, што Беларусь і Расея наклалі вета на кандыдатуру прадстаўніка Эстоніі, паведамілі ў МЗС гэтай краіны. Галасаванне адбылося сёння ў Вене на пасяджэнні Сталай рады АБСЕ.
Старшыня арганізацыі мусіць быць абраны кансэнсусам, такім чынам, прызначэнне Эстоніі было заблакаванае.
У Талліне адзначылі, што цяпер сітуацыю абмяркуюць на наступным тыдні ў Скоп’е на сустрэчы міністраў замежных справаў АБСЕ. Акрамя таго, паколькі прадстаўнік Эстоніі – адзіны кандыдат ад Еўразвязу, то маюць быць перамовы на гэты конт унутры ЕЗ.
Кіраўнік эстонскага МЗС Маргус Цахкна, каментуючы дэмарш Беларусі і Расеі, заявіў, што Масква «сваімі дзеяннямі блакуе працу ўсёй арганізацыі».
«Ужо некалькі гадоў Расея не дазваляе зацвердзіць бюджэт арганізацыі, ладзіць афіцыйныя імпрэзы АБСЕ, а таксама паклала канец усім місіям АБСЕ ва Украіне, якая стала ахвярай расейскай агрэсіі. Цяпер з увагі на Расею і Беларусь мы знаходзімся ў сітуацыі, калі за паўтара месяца да новага года АБСЕ не мае пацверджанага старшыні, хаця з 2020 года Эстонія была адзіным кандыдатам Еўразвязу на гэтую пасаду», – падкрэсліў міністр.
Ён таксама назваў недапушчальным падпарадкоўвацца Маскве, якая выступае за тое, каб наступны старшыня АБСЕ не быў чальцом NATO.
Цяпер у Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе старшынствуе Паўночная Македонія, і нельга выключаць, што яна працягне выконваць гэтыя абавязкі налета, піша выданне ERR.
Сцяпан Кубік belsat.eu