«Ад Ігара – Каці»: першая перадача пасля этапавання ў Жодзіна


Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова застаюцца за кратамі ўжо больш за чатыры месяцы.

Ігар Ільяш перед выездам у турму з чарговай перадачай для жонкі Кацярыны Адрэевай.
Фота: Белсат

Кацярыну Андрэеву этапавалі ў жодзінскую турму 17 сакавіка. Этапаванне зацягнулася на ўсю ноч і завершылася толькі раніцай: спачатку яе і іншых вязняў давезлі на аўтазаку да чыгуначнай станцыі, адтуль у «сталыпінскіх» вагонах адправілі ў Жодзіна, а з жодзінскага вакзалу да турмы зноў везлі ў аўтазаках. На Валадарскага перад этапам і адразу пасля этапавання ў Жодзіна Кацярыну некалькі гадзінаў трымалі ў так званай камеры-адстойніку. За дзень да гэтага, 16 сакавіка, у Жодзіна адправілі Дар’ю Чульцову.

Нягледзячы на цяжкія ўмовы этапу, Кацярына захоўвае добры эмацыйны стан, бадзёры настрой і не скардзіцца на здароўе. Адразу пасля пераводу ў Жодзіна Кацярыну наведаў адвакат Сяргей Зікрацкі. На наступны дзень пасля этапавання муж журналісткі Ігар Ільяш завёз ёй у турму перадачу.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Кацярына і Дар’я не першы раз трапляюць у Жодзінскую турму – яны сядзелі там амаль 2,5 месяца перад судом. У лютым і сакавіку нашых каляжанак трымалі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Увесь гэты час Каця сядзела ў адной камеры з журналісткай TUT.by Кацярынай Барысевіч.

Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») КК. Праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі. 18 лютага 2021 года суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі. Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

Ігар Ільяш заходзіць у жодзінскую турму.
Фота: Белсат
Харчы, якія не прынялі ў перадачу. Фісташкі павінны быць без шалупаек, а джэмы — забароненыя.
Фота: Белсат

Абаронцы яшчэ 26 лютага накіравалі апеляцыйную скаргу на вырак суддзі Наталлі Бугук. Адвакаты патрабуюць скасаваць прысуд Фрунзенскага раённага суда і спыніць вядзенне ў гэтай крымінальнай справе. Апеляцыйную скаргу на вырак разгледзяць у Менскім гарадскім судзе 23 красавіка а 10.00.

Від на турму.
Фота: Белсат

Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары дэмакратычных краінаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў