Газавы балончык і электрашокер: якія сродкі самаабароны дазволеныя ў Беларусі?


Надоечы мы распавядалі пра трэнінгі па самаабароне ў Польшчы, а таксама, якія сродкі можна ўжываць у гэтай краіне для самаабароны. Паколькі польскае заканадаўства моцна адрозніваецца ад беларускага (напрыклад, у Польшчы тэлескапічная дубінка можа быць сродкам самаабароны, у Беларусі яна забароненая), гэтым разам распавядаем, чым дазволена абараняцца на радзіме.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Газавыя пісталеты для самаабароны ў венгерскай зброевай краме.
Фота: Bernadett Szabo / Reuters / Forum

Зброя самаабароны

Паводле беларускага заканадаўства, любы грамадзянін мае права на «абарону ад грамадска небяспечнага замаху» ці самаабарону (арт. 34 КК РБ). Грамадска небяспечны замах – гэта той, што звязаны з фізічным гвалтам. Падчас спробаў адбіцца ад нападніка, аднак, нельга выходзіць за межы неабходнай абароны, інакш вашыя дзеянні таксама будуць расцэненыя як злачынства і давядзецца адказваць паводле заканадаўства.

Закон Беларусі дазваляе ўжываць для самаабароны цывільную зброю.

Да цывільнай зброі ў Беларусі, паводле арт.7 Закону РБ «Аб зброі» адносіцца зброя, прызначаная для выкарыстання грамадзянамі ў мэтах самаабароны, для заняткаў спортам і палявання.

Да зброі самаабароны пры гэтым адносяцца: газавыя пісталеты, газавыя рэвальверы і патроны да іх, механічныя распыляльнікі, аэразольныя і іншыя прылады, забяспечаныя рэчывамі слезацечнага ці раздражняльнага дзеяння, дазволеныя да ўжывання Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь; электрашокавыя прылады і іскрыстыя зараднікі з выхаднымі параметрамі, якія адпавядаюць нормам, усталяваным Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.

Газавы балончык

Самы просты і недарагі сродак самаабароны, які не патрабуе адмысловай рэгістрацыі – газавы балончык. У складзе газавага балончыка – слезацечныя ці раздражняльныя рэчывы, якія выклікаюць спазмы дыхання, рэзь у вачах, страту арыентацыі (CS – адмысловае рэчыва, аналаг міліцэйскага газу «Бэз» ці OS – экстракт пякучага чырвонага перцу).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чалавек з пярцовым балончыкам.
Фота: Bulkin Sergey / Russian Look / Forum

Аднак мець балончык пры сабе з мэтай самаабароны дазваляецца толькі з 18 гадоў. Ужываць газавы балончык дазваляецца толькі з мэтай самаабароны. Парушэнне ўмоваў і парадку ўжывання газавых балончыкаў, у залежнасці ад наступстваў, цягне за сабой адміністратыўную ці крымінальную адказнасць. Набываць газавыя балончыкі найлепш у адмысловых крамах зброі.

На адлегласці эфектыўныя струменевыя ці аэразольна-струменевыя балончыкі – з іх актыўнае рэчыва выкідаецца ў выглядзе вадкасці як з воднага пісталета. Дальнасць дасягае да 5 метраў. Часам у раствор дадаюць фарбавальны інгрэдыент, дзякуючы чаму праваахоўным органам потым лягчэй злавіць злачынцу.

Для самаабароны можна выкарыстоўваць газавы пісталет ці рэвальвер, аднак каб яго сабе «завесці», у Беларусі патрэбны дазвол. Каб яго атрымаць, трэба звярнуцца да інспектара па дазвольнай працы органу ўнутраных справаў, да якога адносіцца адрас вашай рэгістрацыі. Трэба будзе прадставіць медычную даведку з паліклінікі аб стане здароўя, даведкі з наркалагічнага і псіханеўралагічнага дыспансераў аб адсутнасці ўліку.

Газавы пісталет цягам 10 дзён пасля пакупкі трэба зарэгістраваць у міліцыі. Да яго трэба будзе набыць кабуру, бо ў кішэні яго, як і патроны да яго, насіць забаронена.

Гісторыі
Дзе беларускам вучыцца самаабароне і што такое WenDo – трэнінгі, створаныя жанчынамі для жанчын?
2024.03.09 07:03

Электрашокер

Яшчэ адзін адносна просты сродак для самаабароны, які не патрабуе адмысловага дазволу і рэгістрацыі ў міліцыі – электрашокер. Пры гэтым трэба памятаць, што максімальная дазволеная ў нашай краіне магутнасць для электрашокеру, які ўжываецца ў якасці зброі самаабароны – 3 Вт.

Электрашокеры бываюць двух відаў – кантактны і дыстанцыйны. Пры ўжыванні кантактнага ім трэба дакрануцца да скуры нападніка. У аснове дзеяння абодвух ляжыць адзін прынцып – паміж двума электродамі ўзнікае электрычны зарад. Цягліцы, якія трапілі ў зону паражэння, пачынаюць скарачацца з частатой, роўнай частаце электрычнага зараду, і чалавек адчувае боль. Гэта можа дапамагчы на некаторы час знерухоміць нападніка.

Легальна набыць электрашокер у Беларусі можна толькі ў крамах, якія маюць спецыяльную ліцэнзію МУС. Увоз электрашокераў, як і іншай цывільнай зброі з іншых краінаў забаронены.

Чым у Беларусі забаронена абараняцца

Акрамя ўласна зброі, у якасці сродку самаабароны можна выкарыстаць, напрыклад, ліхтарык з рэжымам магутных успышак – ён можа часова асляпіць і дэзарыентаваць нападніка. Таксама ёсць такая прылада, якая нагадвае аэразольны балончык, напоўнены сціснутым паветрам. Пры яго выпусканні ён выдае пранізлівы свіст, амаль на мяжы болевага парогу, што можа адпужнуць і чалавека, і агрэсіўную жывёліну, а таксама прыцягнуць увагу.

У Беларусі забаронена ўжываць для самаабароны халодную зброю, да якой адносяцца касцеты, нажы, тэлескапічныя і гумовыя дубінкі. Забароненыя таксама пнеўматычныя і траўматычныя пісталеты.

У мэтах уласнай бяспекі адмыслоўцы раяць найперш зрабіць усё, каб пазбегнуць патэнцыйнай небяспекі, напрыклад, загадзя прадумаць найбольш бяспечны маршрут, усталяваць на смартфоне прыкладанне кшталту «трывожнай кнопкі», папярэджваць блізкіх людзей пра вашае месцазнаходжанне.

Разбор
Ці можа беларуска – ахвяра гвалту атрымаць прытулак у Еўразвязе? Што кажуць праваабаронцы
2024.03.13 07:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў