Ян Рудзік: Будзьце пільнымі, калі да вас пастукаецца Пратасевіч з прапановай аб супрацы


Сёння стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў Рамана Пратасевіча. На камеру прапагандысцкім журналістам Раман падзякаваў «краіне і асабіста Лукашэнку за такое рашэнне» і адзначыў, што пакуль мае намер «выдыхнуць, каб пачаць рухацца далей». Нам стала цікава, куды «далей» можа рухацца Раман Пратасевіч, пра што мы спыталі меркавання ў былога калегі Пратасевіча – Яна Рудзіка.

У сваім тэлеграм-канале Ян Рудзік яшчэ месяц таму апублікаваў прагноз таго, што Рамана Пратасевіча, хутчэй за ўсё, адпусцяць. Сёння гэтае «прадказанне» збылося, прычым, як адзначае Ян, нават хутчэй, чым ён меркаваў. Ён напісаў у сябе ў канале: «Усё здарылася нават хутчэй, чым я меркаваў. Наступны крок: адкрывае візу і прыязджае далей наводзіць мітусню. Папомніце мае словы!»

«Шоў будзе працягвацца», – пракаментаваў у размове «Белсату» гэтую навіну Ян Рудзік. Бо «ад самага пачатку», на яго погляд, «гэта была нейкая драматычная пастаноўка дзяржавы, яны спрабавалі нешта паказаць праз гэта».

Раман Пратасевіч каментуе рашэнне аб памілаванні. Менск, Беларусь. 22 траўня 2023 года.
Фота: БелТА

На думку Рудзіка, цалкам верагодна, што Пратасевіча могуць выпусціць за межы краіны, бо атрымалі ад яго «нейкія запэўніванні і прыйшлі да пэўнага кансэнсусу».

«Я думаю, што далей увогуле ён атрымае візу, прыедзе сюды [за мяжу] і будзе надалей нешта рабіць», – адзначыў наш суразмоўца.

Пры гэтым Ян Рудзік гаворыць, што не давярае Раману Пратасевічу.

«Мы не ведаем амаль нічога пра Рамана Пратасевіча, пра яго журналісцкі лёс, апроч таго, што ён працаваў з Чудзянцовым, у яго біяграфіі дастаткова белых плямаў. Канечне, не хацелася б спекуляваць на гэтым, бо хутка ўсё роўна ўсё стане на свае месцы, але адзінае, што хачу папярэдзіць людзей: калі да вас у Варшаве ці Вільні завітае з прапановай папрацаваць Раман Пратасевіч, будзьце пільнымі, хутчэй за ўсё, гэтая гісторыя скончыцца кепска».

Таксама мы паразважалі пра тое, чым можа заняцца Пратасевіч, калі застанецца ў Беларусі: ці зможа ён, напрыклад, ачоліць нейкае новае медыя ў краіне? Ян Рудзік узгадаў тэлеграм-канал SPRAVA, нібыта створаны Пратасевічам у жніўні 2021 года, але адзначыў, што, падобна, гэтая ідэя не спрацавала. Пры гэтым Ян зрабіў здагадку, што, магчыма, Пратасевіч стане «тварам беглага, які змог», які будзе паказваць, што «часам не да законаў» працуе не толькі ў адныя вароты, але можа прывесці да памілавання. Гэта будзе такой «рэпрэзентатыўнай карцінкай, што калі прыехаць, усіх здаць, то над табой злітуюцца – гэта было б лагічна».

На думку, Рудзіка паспешнасць, з якой выпусцілі Пратасевіча, не варта разглядаць з юрыдычнага пункту гледжання. Бо ўсім вядома, як працуе закон у Беларусі: што калі ўладам не трэба, то яны могуць падоўгу разглядаць тое ці іншае пытанне і не вырашыць яго ўвогуле, а калі гэта ў іхных мэтах, то «ўсё за хвіліну робіцца». Цалкам магчыма, адзначыў наш суразмоўца, што рашэнне аб тым, што Рамана будуць выпускаць, было вядомае ўжо месяц таму. Але, можа быць так, што сам Пратасевіч пра гэта не ведаў.

У той жа час Ян Рудзік адзначае, што пакуль не можа зразумець фінальную мэту гісторыі, якую раскручваюць з Пратасевічам беларускія ўлады. «Мне падаецца, – адзначае ён, – што ўсё будзе не настолькі проста».

Нагадаем, што 3 траўня ў Менскім абласным судзе Раману Пратасевічу вынеслі прысуд – 8 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым у публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актаў тэрарызму, у абразе Лукашэнкі, распаўсюдзе заведама фальшывых звестак пра Беларусь ды іншых злачынствах.

Гэта адбылося праз два гады пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску 23 траўня пасля інфармацыі пра «мінаванне», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Тады блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная сяброўка Соф’я Сапега былі затрыманыя. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля захопу апазіцыйнага блогера.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў