Вярхоўны Суд вызваліў палітзняволеную Таццяну Пыцько з-за кратаў, а яе мужу зменшыў тэрмін пакарання


Апеляцыйныя скаргі на вырак Віцебскага абласнога суда ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Вярхоўнага Суда Юрый Руткоўскі. Ён перакваліфікаваў склад злачынства, паводле якога асудзілі сужэнцаў. Новы вырак вынесены паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. 

Вячаслаў Лазараў і Таццяна Пыцько.
Фота: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Паводле рашэння Вярхоўнага Суда, Вячаслаў Лазараў мае адбыць 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Раней суд першай інстанцыі прыгаварыў яго да 5,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 2 і ч. 1 арт. 361-4 КК («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Таццяну Пыцько суддзя абласнога суда Яўген Буруноў раней звінаваціў паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім»), а вынікам звароту з апеляцыйнай скаргай зрабілася вызваленне з-пад варты.

Вярхоўны Суд прысудзіў ёй тое самае пакаранне – 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрмінаваннем выканання пакарання на 3 гады. Сёння ж Таццяну мусяць вызваліць з віцебскага СІЗА, дзе яна правяла амаль паўгода.

Hавiны
Відэааператара Вячаслава Лазарава асудзілі на 5,5 года, Таццяну Пыцько – на 3 гады
2023.09.25 13:04

Нагадаем, відэааператар-фрылансер Вячаслаў Лазараў быў затрыманы 9 лютага 2023 года ў Віцебску, а 6 чэрвеня затрымалі жонку Вячаслава – Таццяну Пыцько.

На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку – гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу даглядае іхны родны бацька.

Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА. Ім абаім давялося пабываць за кратамі і раней – пасля затрыманняў падчас пратэстаў у 2020 годзе. Таццяне прызначылі штраф у межах адміністратыўных справаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, Вячаслаў быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, але яго адпусцілі без складання пратаколу. Увосень 2020 года ў Лазарава правялі ператрус і затрымлівалі яшчэ тройчы, але да суда справа не даходзіла таксама.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў