Жыццё экс-міліцыянта Кулакоўскага, якога зноў адправілі на содні, пад пагрозай. Ён праглынуў лыжку


Дзмітрыя Кулакоўскага затрымалі 20 траўня ў Менску ўдома, а на наступны дзень адправілі адбываць 15 содняў за нібыта непадпарадкаванне. У мужчыны сур’ёзныя праблемы са здароўем, прагрэсуе дыябет. Каб прыцягнуць увагу і дамагчыся дапамогі, ён праглынуў лыжку. Блізкія сябры сям’і Кулакоўскіх распавялі «Белсату», што ані жонка, ані адвакат не ведаюць, у якім ён цяпер стане. Жонцы Дзмітрыя Юліі таксама параілі не камунікаваць з незалежнымі медыямі.

У Дзмітрыя Кулакоўскага дыябет 2-й ступені, раней ён прымаў таблеткі, але цяпер яму трэба калоць інсулін. 21 траўня Юліі Кулакоўскай патэлефанавалі з ІЧУ на Акрэсціна і папрасілі прывезці медыкаменты для мужа.

22 траўня ёй нечакана дазволілі з ім сустрэцца. Спатканне цягнулася каля 10 хвілінаў. Дзмітрый выглядаў вельмі стомленым і нездаровым. Мужчына распавёў, што яго пасадзілі ў карцар з бяздомнікамі і алкаголікамі. За што – невядома. Не даюць бялізны і спаць немагчыма, бо падлога з бетону, а нары занятыя.

Пасля папярэдніх адсідак у Дзмітрыя таксама пагоршылася сітуацыя з дыябетам. У мужчыны баляць ныркі, вельмі апухлі ногі, на іх множацца язвы. Калі іх не залечваць, то можа пагражаць ампутацыя. Каб прыцягнуць увагу медыкаў да свайго стану, ён праглынуў лыжку.

«Частку лыжкі праглынуў або цалкам, а таксама калі дакладна, мы не ведаем. На сустрэчы з жонкай ён не сказаў, ці баліць у яго страўнік, але гэта немаленькі прадмет».

Hавiны
Экс-начальніка крымінальнага вышуку судзяць за «абразу» аператыўніка
2021.01.20 16:22

Пасля сустрэчы ў ІЧУ Юлія патэлефанавала ў службы 102 і 103 з просьбай, каб на ейнага мужа звярнулі ўвагу. Пазней жанчыне перазванілі з Маскоўскага РУУС і сказалі, што прычынаў турбавацца няма, нібыта ў яго былі дактары і ніякай лыжкі ён не праглынаў.

Сёння да Дзмітрыя Кулакоўскага спрабавала трапіць адвакатка, але яе не пусцілі. Прычыны не назвалі. Юлія падала скаргу на ўмовы ўтрымання мужа і нядопуск абаронцы.

Чарговы арышт Дзмітрыя быў нечаканасцю для сям’і. Юлія звязвае затрыманне з актыўнымі выказваннямі свайго мужа. Кулакоўскага і яшчэ аднаго былога міліцыянта, Ягора Емяльянава, затрымалі на наступны дзень пасля выхаду праграмы «Шчыра кажучы», у якой яны бралі ўдзел.

Дзмітрый Кулакоўскі працаваў у міліцыі з 2006 г., узначальваў крымінальны вышук у Заводскім РУУС Менску. Мае прафесійныя ўзнагароды і падзякі ад кіраўніцтва. Пасля выбараў 2020 г. і падзеяў 9 жніўня заявіў, што не згодны з дзеяннямі ўладаў, і звольніўся. У кастрычніку летась на знак пратэсту супраць жудасных умоваў у карцары, дзе яго трымалі амаль месяц, ён праглынуў чатыры металічныя прадметы.

Пасля другой адсідкі ён паспрабаваў выехаць з Беларусі, але яго затрымалі на мяжы і распачалі крымінальную справу нібыта за абразу міліцыянта. 22 студзеня сёлета Дзмітрыя Кулакоўскага асудзілі на два гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову і вызвалілі да разгляду апеляцыі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў