Генштаб Украіны: У вайне могуць узяць удзел да 15 тысячаў беларускіх сілавікоў. Але вайскоўцы ваяваць не хочуць


Беларускія сілавікі могуць узяць удзел у вайне Расеі з Украінай, напаўшы з тэрыторыі Беларусі. Пра гэта на брыфінгу 24 лістапада заявіў намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, брыгадны генерал Аляксей Громаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Паводле Громава, цяпер на тэрыторыі Беларусі застаюцца больш як 9 тысячаў расейскіх вайскоўцаў і 250 адзінак вайсковай тэхнікі. У той жа час Генштаб ацэньвае наступальны патэнцыял у гэтым напрамку як нізкі.

Тым не менш, сказаў Громаў, фармавання ўдарных груповак у Беларусі не адзначаецца. А здольнасць беларускіх Узброеных сілаў весці самастойныя наступальныя дзеянні ва Украіне ацэньваецца як нізкая.

«Маральна-псіхалагічны стан лічыцца нізкім праз адмову большасцю асабовага складу браць удзел у «спецыяльнай аперацыі», а таксама ў вайне з Украінай. У той жа час каля 10–15 тысячаў асабовага складу сілавых структураў Рэспублікі Беларусь гатовыя ўзяць удзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі» Расейскай Федэрацыі. Перадусім, з прычыны прывабнасці высокага грашовага забеспячэння», – зазначыў генерал.

Ён таксама адзначыў, што захоўваецца пагроза ракетных удараў і выкарыстання ўдарных беспілотнікаў з тэрыторыі Беларусі па тэрыторыі Украіне. Паводле генерала, сярод беларускіх вайскоўцаў распаўсюджваецца інфармацыя адносна магчымага абвастрэння на мяжы з Украінай у перыяд да 28 лістапада са спробаю нібыта захопу Украінай і NATO памежных раёнаў Беларусі. Гэта, сказаў Громаў, нагадвае сцэнар вучэнняў, якія праходзілі на беларускай тэрыторыі ў верасні.

Генштаб звярнуўся да беларусаў

Тым часам Генштаб ЗСУ звярнуўся да грамадзянаў Беларусі з заклікам не дазваляць уцягваць сябе ў вайну яшчэ больш.

«Кіраўніцтву РФ пляваць на жыцці расейскіх грамадзянаў, тым больш на жыцці беларусаў і ўкраінцаў. Іх метады не новыя. Тэрор, запалохванне, аперацыі пад чужым сцягам. Усё гэта выкарыстоўваецца з адной мэтай – любымі шляхамі ўцягнуць Беларусь у вайну з Украінай, крывёй і нянавісцю падзяліць нашы народы. Але ці патрэбная расейская захопніцкая вайна самой Беларусі? Адказ відавочны – не патрэбна!»

Таксама ў відэазвароце ўкраінскія вайскоўцы зноў заявілі пра верагоднасць арганізацыі Расеяй тэракту на Беларускай АЭС.

У Генштабе адзначылі, што не лічаць ворагам ані Беларусь, ані беларускі народ і не плануюць праводзіць на тэрыторыі краіны «ніякіх агрэсіўных дзеянняў».

Hавiны
Расея разгарнула ў Беларусі вайскова-палявы шпіталь са 124 медыкамі
2022.11.24 09:49

Тым часам стала вядома, што ў Беларусі разгорнутая праца расейскага медычнага атраду спецыяльнага прызначэння. У шпіталі працуюць 124 медыкі: тэрапеўты, УГД-спецыялісты, афтальмолагі, артапеды, неўрапатолагі і рэнтгенолагі. У ім ёсць прыёмнае аддзяленне, тэрапеўтычнае, хірургічнае, рэанімацыя, аптэка.

Як паведамляецца, медычны атрад спецыяльнага прызначэння можа працаваць у любых умовах: як мірнага, так і ваеннага часу. Прыём тут вядуць дзень і ноч. Прапускная здольнасць шпіталю – да 300 асобаў за содні.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў