Аляксандр Мураўёў пра катаванні ў СІЗА КДБ, прачытаныя кнігі і Віктара Бабарыку


У вялікім інтэрвʼю вядомы бізнесовец пацвердзіў, што ў калоніі ягоная справа была пазначаная літараю «К» (гэта азначае асабісты кантроль КДБ). У нейкі момант, прызнаецца Аляксандр Мураўёў, нават умовы ўтрымання зрабілі горшымі – каб ніхто не падумаў, што ён некага падкупіў. Публікуем вытрымкі з размовы. Поўная версія – на відэа.

Хто мог паставіць вас на такі асабісты кантроль і навошта?

– Вельмі шмат параноі, нейкіх інтрыг. Можа, таму што справа была публічная, шырока асвятлялася ў медыях, таму што Лукашэнка пра яе выказваўся асабіста, Вакульчык выказваўся…

– Вы чыталі? Вам прыносіў адвакат, напрыклад, выказванні Лукашэнкі ці Вакульчыка пра вас?

– Рэч у тым, што мне ўдавалася чытаць некаторыя медыі: «БелГазету», «Нашу Ніву»…

Аляксандр Мураўёў, Александр Муравьёв
Аляксандр Мураўёў у сваёй кватэры. Дубай, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. 25 студзеня 2024 года. Фота прадстаўленыя рэдакцыі

– У турме?

– Так. Нешта мне паказвалі адвакаты, раздрукоўвалі [матэрыялы. – Заўв. belsat.eu] TUT.BY, і я гэта бачыў. Выказванні Лукашэнкі на нейкім мерапрыемстве, дзе было шмат журналістаў, дыпламатаў, і Раманчук задаў пытанне, я асабіста бачыў у тэлевізары. Раманчук задаў пытанне: «Навошта Мураўёў сядзіць у турме?» І Лукашэнка дванаццаць хвілінаў каментаваў.

– Гэта калі ён заявіў: «Я яму сказаў, што калі ён не выканае ўмоваў, ён сядзе»?

– Гэта ён прыдумаў. Я не самазабойца – брацца за праекты, нерэалізацыя якіх цягне пазбаўленне волі. Наогул, бізнес не звязаны з паняццем пазбаўлення волі.

Даведка

Першае інтэрв’ю бізнесоўца Аляксандра Мураўёва для «Austria Presse Agentur» было запісанае ў студзені 2024 года ў Дубаі. У рыхтаванні ўдзельнічалі тэлеканал «Белсат» і Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Першую тэкставую частку вялікага інтэрв’ю чытайце тут.

Прыдумай злачынства і суму

– Як да вас ставіліся падчас следства, яшчэ да суда?

– У першы дзень следчы вельмі па-хамску прадэманстраваў мне сваю «веліч». Гэта гучала як «рыхтуй бабкі за сваю свабоду».

– То бок вас рыхтавалі да таго, што трэба будзе заплаціць?

– Я нават не мог зразумець… Калі я прачытаў тую пастанову аб затрыманні, там было нейкае трызненне, я нават не змог яе зразумець – як гэты тэкст мог суадносіцца з прыцягненнем да крымінальнай адказнасці? Я не ўбачыў там злачынства.

– Называлі канкрэтныя сумы?

– Гучалі словы «прыдумай сам».

– Суму?

– Прыдумай сам злачынства. Прыдумай сам суму. Але мне асабіста не агучвалася сума, бо беспасярэдняя ўласнасць аўстрыйскіх кампаніяў і так ужо была практычна незаконна экспрапрыяваная. Ды я, хутчэй за ўсё, і не мог выйсці на волю, пакуль не ўзнікне ўпэўненасць, што ўсё незваротна.

– Я ведаю прыклады, калі ў Беларусі бізнесоўцаў затрымлівалі і прапаноўвалі адкупіцца. І калі ў іх ёсць грошы, яны ціха выходзяць на волю, калі не – даюць інфармацыю ў медыі. 

– Я сам ведаю такіх людзей. У мяне такой магчымасці не было. Бо мае асабістыя сродкі, сродкі маіх партнёраў былі інвеставаныя ў прадпрыемствы, і інвеставаныя велізарныя сумы, і заплаціць яшчэ, пагадзіцца з экспрапрыяцыяй гэтай маёмасці было немагчыма.

У турме прачытаў сто пяцьдзясят кніг

– Думаю, вы чыталі, што ў Беларусі ўжыванне фізічнай сілы да затрыманых сталася нормай. Цяпер ані следчыя органы, ані сілавікі пры затрыманні не хвалююцца, што кагосьці збілі. Як было ў 2015 годзе? Ці ўжывалі да вас фізічную сілу?

– Ужывалі ў сутарэнні КДБ, з кайданкамі за спінай. Я атрымаў нейкую колькасць удараў, пагрозы, мне сталася вядома, што я ўжо «адсутнічаю сярод жывых», што мяне зараз некуды адвязуць, падвесяць уніз галавой і будуць нейкую колькасць дзён трымаць, што браты мае атрымаюць па дзясятцы, а дзеці мае ніколі не даведаюцца, куды каменьчык пакласці.

Потым у працэсе гэтага катавання мне было зададзенае пытанне, колькі я гатовы заплаціць за сваё жыццё. Я паспрабаваў жартам назваць нейкую колькасць мільёнаў і пачуў у адказ, што маё жыццё каштуе даражэй. Я не ведаў, радавацца мне гэтаму ці не, але добра, што маё жыццё каштоўнае.

 

Інтэрв’ю
Бізнесовец Аляксандр Мураўёў пра турму, заводы «Ялізава» і «Мотавела» ды ўзлом сейфаў
2024.03.23 15:50

– Што дазволіла вам захаваць сябе? Столькі гадоў у калоніі – сур’ёзны жыццёвы досвед. Не кожны можа выйсці і сказаць, што радуецца нейкім рэчам і жыве напоўніцу.

– У першыя дні ў СІЗА, падчас адаптацыі, я ўначы пералічваў імёны блізкіх людзей. І пакуль я ўсіх пералічу разоў дзесяць – ужо і сон надыходзіць. Вядома, усведамленне таго, што ёсць блізкія, ёсць людзі, з якімі ты вельмі звязаны, – яно вельмі моцна дапамагае. На дадатак да гэтага я не вельмі разумеў, як бывае па-іншаму. Не ўяўляю, як браць і плакаць.

– Не плакаць, а проста падпарадкавацца таму, што адбываецца, свайму лёсу, і паплысці.

– Я бачыў такое, але я не ведаю, як гэта робіцца. Я чытаў кніжкі, займаўся спортам, актыўна ўдзельнічаў у рыхтаванні да працэсаў. І рабіў усё, каб захавацца – і ў фізічным, і ў псіхалагічным сэнсе. Я прачытаў кніг столькі, колькі не прачытаў за папярэднія гады.

Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Колькі? Можаце назваць?

– Я рабіў нядаўна вопіс. Прыбраў, вядома, тыя, якія неістотныя. Сто – сто пяцьдзясят. Некаторыя прачытаў некалькі разоў.

– Якая была самая любімая кніга за гэты час? Ці самая цікавая? Важная?

– Ну, самая цікавая, на першым месцы – «Трыумфальная арка» Эрыха Марыі Рэмарка. Па-нямецку. Я не толькі прачытаў яе некалькі разоў, а выкарыстаў як спосаб сыходзіць. Напрыклад, калі ідзеш на «промку», я вырываў главу з кнігі – яна не прамацвалася ў кішэні – і мог яе чытаць… Вядома, «Фаўст» Гётэ. Я прачытаў там «Час сэканд-хэнд» Святланы Алексіевіч.

Даведка

«Промка» (прамысловая тэрыторыя) – асобная абгароджаная тэрыторыя ў складзе калоніі, куды шыхтам ідуць на працу. Туды нельга браць кнігі.

– У турме? Дзе вы яе там узялі?

– У лагеры ўзяў у бібліятэцы. Так, ёсць такая кніга. І яшчэ напрыканцы адзін чалавек з хлопцаў, якія заехалі пасля падзеяў 2020-га, настойліва рэкамендаваў мне прачытаць Юваля Ноаха Гарары, тры ягоныя кнігі – «Homo Sapiens» ды іншыя. Я захлёбваючыся іх прачытаў. Цікавы погляд на гісторыю, на свет.

Чым адрозніваецца палітычная рызыка ад бандытызму 1990-х?

– Ведаеце, яшчэ да 2020-га мы з калегамі ўзялі спіс беларускіх бізнесоўцаў (ведаеце, публікуюць топ-20, топ-30) – вы там былі – і пачалі лічыць, колькі з іх сядзела або сядзіць. І выйшла, што прыблізна кожны трэці. Беларускі топ-бізнес нейкі крымінальны. Можаце патлумачыць, чаму так?

– Гэта палітыка дзейных уладаў Беларусі. Яна стварае нейкі страх. Гэта форма кастрацыі бізнесоўцаў, [спосаб. – Заўв. belsat.eu] адвучаць ад грамадскай дзейнасці. Каб не займаліся, каб нават не ўзнікала памкненняў з гэтай нагоды. Думаю, што так.

– Вы сустракалі ў турме людзей з падобным лёсам – бізнесоўцаў, асуджаных паводле эканамічных артыкулаў?

– Вядома. У СІЗА КДБ і СІЗА на Валадарцы я сустракаў вельмі шмат людзей, звязаных з бізнесам. Некаторым удалося прайсці праз шлях выкупу саміх сябе. Хтосьці атрымаў тэрміны. Так, каб атрымаць максімальныя тэрміны, я, напэўна, адзін з рэкардсменаў.

Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Вы цікавіліся беларускаю палітыкаю да 2015 года?

– Я хутчэй быў грамадскім дзеячам. Я пяць гадоў узначальваў Федэрацыю роварнага спорту, гэта ўжо нейкая форма грамадскай дзейнасці на мяжы з палітычнай. Натуральна, у мяне не было палітычных мэтаў. […] Так, я ведаў, што нешта існуе, але я не ўдзельнічаў. Цікавіўся роўна настолькі, наколькі гэта інфармацыя мяне знаходзіла.

– Але вы былі ў Беларусі ў 2006-м, калі была Плошча. 2010 год, калі кандыдаты на прэзідэнцтва апынуліся ў турмах. Не заўважыць гэтага было немагчыма. Як вы тады чыталі гэтыя навіны? Як вы гэта ўспрымалі?

– Ігар, я, напэўна, не прыняў гэтага блізка да сэрца.

– Але чаму?

– Не ведаю.

– Любыя палітычныя пратэсты – гэта рызыка для бізнесу. Мне здаецца, вас гэта павінна было неяк цікавіць.

– Магчыма, таму што я пачаў бізнес ва ўмовах 1990-х гадоў, рызыкі былі заўсёды. Прычым яны былі не толькі палітычныя. Рызыка страціць актывы, жыццё, здароўе не была звязаная з палітыкай. І я дзеяў. Разумеў, што ёсць рызыкі, але дзеяў. Я лічыў, што змагу на іх рэагаваць. З’яўленне палітычных рызык не змяняла нічога, па сутнасці. Так, я разумеў, што ёсць рызыкі, лічыў, што калі яны будуць неяк сябе праяўляць, я буду здольны дзеяць. А чым адрозніваецца палітычная рызыка рэпрэсіяў з боку дзяржаўных інстытутаў ад таго бандытызму і рэкету, якія былі з 1990-х гадоў? Гэта ўсё рызыкі!

Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

Я думаў, перамены адбудуцца

– У 2020 годзе да вас паступала інфармацыя пра тое, што адбываецца на вуліцах беларускіх гарадоў?

– Вядома, даходзіла. Мы глядзелі «Euronews». Увогуле, вельмі шмат было відаць. Я, вядома, таксама звязваў магчымыя перамены з уласным лёсам. Я быў цалкам упэўнены, што ў выпадку пераменаў я выйду на волю і вярнуся да жыцця, да прафесійнай дзейнасці, бо гэта відавочна. Потым усё забаранілі. Мне, адзінае, удалося падпісацца на вельмі цікавую газету, «Moskauer Deutsche Zeitung» («Маскоўскую нямецкую газету»). Гэта такі друкаваны орган пры амбасадзе Нямеччыны. І хоць ён друкуецца пад вельмі жорсткім надглядам дыпламатаў, там хоць нешта можна было прачытаць.

– Вы знаёмыя з Віктарам Бабарыкам з 1992 года. Калі ў 2020 годзе вы даведаліся, што ён збіраецца ісці на прэзідэнцтва, як вы да гэтага паставіліся?

– Па-першае, пра тое, што ён збіраецца ісці на прэзідэнцтва, я даведаўся нашмат раней. У нейкай газеце, недзе ў 2019 годзе, я прачытаў ягонае інтэрв’ю пра бізнес, інтэрв’ю досыць прафесійнае. Хтосьці быў побач са мной на нарах, і я сказаў простую фразу: «Віця ідзе ў прэзідэнты». Калі праз паўгода, можа, больш, я прачытаў артыкул і заяўку Валерыя Цапкалы, для мяне гэта было вельмі цікава. Роўна праз дзень я даведаўся, што і Віктар вылучыўся ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта.

– Што вы падумалі?

– Зноў памыліўся ў прагнозах. Я думаў, што перамены адбудуцца.

– Вы падумалі, што ў яго ёсць шанец перамагчы?

– Так, я так падумаў. Мала таго, тыя, хто атачаў мяне ў калоніі, уключаючы адміністрацыю, падумалі дакладна гэтак жа.

– Да вас траплялі «палітычныя» ў калонію? Вы перасякаліся з імі? Як вы да іх ставіліся і наогул як у калоніі да іх ставіліся?

– У мяне былі з імі добрыя адносіны. Мы шмат размаўлялі, хоць гэта магло выклікаць з боку адміністрацыі нейкія заўвагі.

– Вы ведаеце, якія ўмовы цяпер створаныя для актывіста Змітра Дашкевіча? Ён па паўгода праводзіць у ізалятары, дзе яго марозяць. Ён піша сваёй жонцы, што яму даводзіцца восем разоў уначы падымацца, каб зрабіць зарадку, бо інакш не можа сагрэцца. У «палітычных» забіраюць матрацы, падушкі, няма магчымасці перапіскі. Мы не ведаем больш за год, што, напрыклад, з Міколам Статкевічам, Паўлам Севярынцам. Іх цалкам ізалявалі. Гэтых людзей фактычна катуюць. І некаторых забіваюць.

– Ігар, я ў гэта веру. Калі я выязджаў у 2022 годзе, гэтага я яшчэ не бачыў. Я веру, што такое можа быць. Гэта жудасна.

Гутарыў Ігар Кулей

Стужка навінаў