Расея пачала экспарт нафты ў Паўночную Карэю. У абыход санкцыяў, за якія сама галасавала


7 сакавіка Расея пачала экспартаваць нафту наўпрост у Паўночную Карэю насуперак санкцыям Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, піша брытанская газета «Financial Times». На спадарожнікавых здымках пабачылі прынамсі пяць танкераў.

Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін
Кім Чэн Ын і Уладзімір Пуцін на касмадроме «Усходні», Расея. 13 верасня 2023 года.
Фота: Kremlin.ru

Паводле назіранняў «Financial Times», прынамсі пяць паўночнакарэйскіх танкераў для нафтапрадуктаў заходзілі ў сакавіку ў расейскі порт Усходні на адзін і той жа тэрмінал, якім кіруе расейская нафтавая кампанія, дзе, падобна, загружаліся, затым вярталіся ў паўночнакарэйскі порт і, як выглядае, разгружаліся. Караблі плылі з адключанымі транспондэрамі (рэгістратарамі).

Такі экспарт нафты парушае санкцыі, якія ААН увяла ў 2017 годзе ў адказ на выпрабаванні ядравай зброі Паўночнай Карэяй. Санкцыі і іх узмацненне ў Радзе бяспекі ААН прынялі адзінагалосна – за іх галасавала ў тым ліку Расея.

Даследчыкі Каралеўскага аб’яднанага даследчага інстытуту абароны і бяспекі (RUSI) ацанілі аб’ём экспарту як 125 тысяч барэляў – гэта чвэрць ад квоты экспарту ў Паўночную Карэю, дазволенага пры ўмове паведамлення ў Камітэт ААН у справе санкцыяў.

«Financial Times» адзначае, што нафтавыя танкеры пачалі плаваць у Расею пасля таго, як у мінулым жніўні КНДР пачала перадаваць Расеі боепрыпасы для вайны ва Украіне. А порт Усходні, як кажуць даследчыкі RUSI, таксама выкарыстоўваўся як хаб для гандлю зброяй.

Г’ю Грыфітс, былы каардынатар групы ААН, якая назірае за санкцыямі адносна Паўночнай Карэі, лічыць, што між Расеяй і Паўночнай Карэяй адбываецца бартар: нафта ў абмен на снарады.

Аналітыка
КНДР, імаверна, пастаўляе Расеі балістычныя ракеты. Што гэта значыць для Украіны і свету
2024.01.11 07:00

Грыфітс назваў гэта «поўнай лабавой атакай на рэжым санкцыяў, які цяпер на мяжы калапсу». Некалькі караблёў асобна пазначаныя ААН – ім нельга нават заходзіць у замежныя парты.

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, адмовіўся ад каментароў. Паводле звестак «Financial Times», заходнія дыпламаты непакояцца, што Пуцін можа накласці вета на падаўжэнне мандату групы, якая кантралюе санкцыі ААН адносна Паўночнай Карэі.

Паўночная Карэя абыходзіла нафтавыя санкцыі, але, як кажуць даследчыкі, плаціла высокую цану за крымінальных брокераў і таемнае пераліванне нафты з карабля на карабель проста ў моры.

Разбор
Ці рэальна пазбавіць агрэсара права вета ў Радзе бяспекі ААН, як прапануе Зяленскі?
2023.09.21 14:16

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў