«Беларусаў не настроіш супраць Украіны». Як Лукашэнка можа скарыстацца тэрактам у Расеі?


Крэмль, як сумна жартуюць у сацсетках, нацягвае саву на глобус, намагаючыся пераканаць, што да тэракта пад Масквою датычная Украіна. Доказаў не публікуюць, аднак далейшаму распальванню антыўкраінскіх настрояў гэта не перашкаджае. Улады ў Менску з абвінавачваннямі на адрас Кіева не спяшаюцца (чаго не скажаш аб прапагандыстах), але могуць скарыстацца трагедыяй у сваіх мэтах.

Кветкі і цацкі бачныя на ўзбочыне дарогі каля згарэлай канцэртнай пляцоўкі «Крокус Сіці Хол» пасля тэракту ў Краснагорску, Расея. 26 сакавіка 2024 года.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Заявы пра нібыта ўкраінскі след з’явіліся ў медыях на наступны дзень пасля тэракта пад Масквою. ФСБ Расеі сцвярджала, што злачынцы планавалі выехаць ва Украіну і мелі ў суседняй краіне «адпаведныя кантакты».

Гэтую версію 23 сакавіка ў адмысловым звароце паўтарыў прэзідэнт Уладзімір Пуцін:

«Яны намагаліся схавацца і рухаліся ў бок Украіны, дзе, паводле папярэдніх звестак, для іх з украінскага боку было падрыхтаванае акно для пераходу дзяржаўнай мяжы».

Ён пры гэтым не згадаў, што любая дзяржаўная мяжа мае два акны, то бок атрымліваецца, што і расейскія памежнікі мусілі прапусціць тэрарыстаў у суседнюю краіну?

Агляд
Як расейскія і замежныя лідары адрэагавалі на тэракт у Маскве
2024.03.22 23:09

Сёння ж расейскія афіцыйныя асобы наўпрост абвінавацілі Кіеў у тэракце. Сакратар Рады бяспекі Мікалай Патрушаў на пытанне, хто стаіць за нападам, «Даіш» або Украіна, адказаў: «Вядома, Украіна».

Таксама генеральны пракурор Ігар Красноў заявіў, што мэта тэракта ў Падмаскоўі і абстрэлаў расейскіх тэрыторыяў – адна: запужаць грамадства, а таму найважнейшай задачаю для Расеі застаецца «дасягненне мэтаў спецыяльнай вайсковай аперацыі», як там называюць вайну ва Украіне.

А кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў, хоць і прызнаў, што заказчык тэракта яшчэ не вызначаны, але не сумняваецца: «усяму спрыялі спецслужбы Украіны». Паводле яго, Украіна «рыхтавала баевікоў на тэрыторыі Блізкага Усходу» і ўвогуле «СБУ варта прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй».

«На тым баку іх хацелі сустрэць як герояў», – заявіў Бортнікаў, маючы на ўвазе версію, што нападнікі спрабавалі ўцячы ва Украіну, дзе іх нібыта чакалі.

23 сакавіка, калі з’явілася версія пра нібыта ўкраінскі след, выданне «Медуза» паведаміла, што расейскія медыі, лаяльныя дзяржаве, атрымалі ад Крамля метадычку актыўна падкрэсліваць гэты «факт».

Hавiны
Крэмль даў указанне СМІ акцэнтаваць увагу на «ўкраінскім следзе» ў тэракце
2024.03.23 15:29

Беларуская прапаганда – філія расейскай, таму беларусаў пачалі заўзята «частаваць» крамлёўскай версіяй.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін назваў падазроным, што ЗША і Вялікая Брытанія напачатку сакавіка папярэдзілі пра «немінучую пагрозу тэрактаў у Расеі». Ён упэўнены, што заходнія краіны не маглі з добрых памкненняў дапамагчы перадухіліць атаку.

«Захад і кіеўскі рэжым актыўна прасоўваюць версію аб датычнасці “Даішу” да тэракта. Аднак яна зусім не адмаўляе ролю самых ЗША, Вялікай Брытаніі і тых жа ўкраінскіх дзяржтэрарыстаў. Ужо даказаная высокая актыўнасць ГУР на Блізкім Усходзе. Вядома, пры падтрыманні заходніх куратараў», – упэўнены Гігін.

Украінцы, якія абараняюць краіну ад расейскага войска, аказваецца, тэрарысты.

Праваслаўны святар праводзіць службу ля імправізаванага мемарыялу перад ГЦ «Крокус Сіці Хол» на ўскраіне Масквы, Расея. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Alexander Zemlyanichenko / AP Photo / East News

Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, які цяпер працуе ў беларускай амбасадзе ў Маскве, не сумняваецца, што «ува ўсіх тэрарыстаў і экстрэмістаў у свеце адзін гаспадар – ЗША і “калектыўны Захад”».

Колішні кіраўнік беларускага ГРУ, а цяпер – дэпутат Палаты прадстаўнікоў Руслан Касыгін таксама ўпэўнены, што за выканаўцамі тэракту ў Падмаскоўі «стаяць магутныя заходнія выведкі, у прыватнасці, брытанская МІ6».

«Версія пуцінскай улады і прапаганды пра датычнасць Украіны і краінаў Захаду няслушная», – кажа ў размове з «Белсатам» расейскі вайсковы эксперт Ян Матвееў. Ён мяркуе, што гэта робіцца толькі дзеля таго, каб яшчэ больш распаліць нянавісці да суседзяў:

«Гэтыя абвінавачванні – толькі дзеля прапаганды, дзеля распальвання яшчэ большай нянавісці з дачыненні Украіны ўнутры расейскага грамадства і дадатковага падагравання сумневаў у тых, хто ўжо паверыў пуцінскай прапагандзе на Захадзе, каб было болей размоваў пра тое, што Украіну не варта падтрымоўваць».

Аналітык звяртае ўвагу, што аніякіх доказаў нібыта датычнасці Кіева не даюць.

«Без улік уся гэтая версія – проста хлусня. Абвінавачванні ў такім тэракце – вельмі сур’ёзныя, і выстаўляць іх беспадстаўна, проста грунтуючыся на разважаннях, – цалкам шкодная справа», – падкрэсліў суразмоўца «Белсату».

Ён упэўнены, што верыць у версію Крамля без доказаў не варта.

«Яны малююць патрэбную ім карцінку, карыстаючыся сакрэтнасцю сітуацыі. Людзі ж як думаюць? “Ну, усё засакрэчана, а ў іх жа пэўна ёсць доказы, таму, мабыць, яны маюць рацыю”. Вось і атрымоўваецца лёгка падманваць тых, хто апалітычны і не вывучае пытанні падрабязна», – падсумаваў Матвееў.

Украіна некалькі разоў зняпраўджвала які-кольвек удзел у тэрарыстычнай атацы. Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Міхайла Падаляк заявіў, што Украіна ніколі не ўжывала тэрарыстычныя метады вядзення вайны. А прэзідэнт Уладзімір Зяленскі назваў Пуціна нікчэмнасцю і абурыўся, што ў гэтым нападзе Расея знайшла «украінскі след»:

«Тое, што адбылося ў Маскве, відавочна, і Пуцін, і іншыя падонкі проста спрабуюць зваліць на кагосьці іншага. Гэтая нікчэмнасць Пуцін, замест таго каб займацца сваімі грамадзянамі Расеі, звяртацца да іх, содні маўчаў – думаў, як гэта прыцягнуць да Украіны».

Hавiны
Яшчэ адзін беларус імаверна загінуў у маскоўскім расстрэле: ахоўнік «Крокусу» Вадзім Кулік
2024.03.26 08:49

Аляксандр Лукашэнка, наведваючы сёння Ашмянскі раён (паводле дзяржаўных крыніцаў, там ён спраўджваў, як трывае правяранне боегатовасці войскаў), пахваліўся, як беларускія і расейскія спецслужбы разам лавілі тэрарыстаў. Ён таксама заявіў, што падазраваныя спачатку планавалі заехаць у Беларусь, аднак сілавікі ўзмацнілі мяжу з Расеяй, выставілі пасты.

«Таму яны ў Беларусь аніяк не маглі зайсці. Яны гэта бачылі. Таму адвярнуліся і пайшлі на адцінак украінска-расейскай мяжы», – сказаў Лукашэнка.

Ён скарыстаўся нагодаю і паведаміў пра просьбу Пуціна аб блакаванні мяжы, каб меркаваныя тэрарысты не трапілі ў Беларусь:

«Мы сазвоньваліся. Я ў яго пытаю: “Яшчэ штосьці трэба?” – “Не, усё нармалёва”. Ён у мяне пытае: “Дапаможаш закрыць?” – “Дапамагу. Усё зробім”».

Лукашэнка таксама запэўніў, што пасля тэракта «содні не спаў з Пуціным», бо было «безупыннае ўзаемадзеянне».

Адметна, што беларускі палітык нічога не сказаў пра матывы нападнікаў і не паўтарыў «метадычку з Крамля». Ён паведаміў толькі, што мае нейкія падазрэнні адносна куратараў злачынцаў, аднак нічога не раскрыў, паабяцаўшы «пазваніць Пуціну і сказаць свае падазрэнні».

Hавiны
Дзмітрый Крутой заявіў, што спецслужбы Беларусі дапамагалі расейцам злавіць тэрарыстаў
2024.03.23 12:51

«Пакуль версія пра ўкраінскі след выглядае не вельмі пераканаўчай, таму Лукашэнка, напрыклад, учора, калі сустракаўся з омскім губернатарам, сказаў: «Гісторыі будуць усё больш і больш заблытанымі, складанымі, як паказалі апошнія падзеі ў Падмаскоўі». То бок Лукашэнка кажа, што гэта заблытаная і складаная гісторыя, ён не скарыстаў сітуацыю, каб узнімаць хвалю супраць украінцаў», – падкрэсліў у каментары «Белсату» палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Ён упэўнены, што ў уладаў няма задачы мабілізаваць беларусаў на змаганне з Украінаю, дый сам Лукашэнка «не хоча глыбей у гэтую калатнечу ўлазіць».

«Магчыма ён разумее, што беларусаў наўрад ці гэтым настроіш супраць Украіны. Гэта не спародзіць у беларускім грамадстве жаданне ісці і ваяваць супраць «укранацыстаў», як кажа расейская прапаганда. І ў беларускім грамадстве, як паказвае незалежная сацыялогія, фактычна існуе антываенны кансэнсус. Нават бальшыня прыхільнікаў Лукашэнкі мяркуе, што беларускім вайскоўцам няма чаго рабіць на ўкраінскім фронце», – кажа Класкоўскі, тлумачачы, чаму няма сэнсу нашпігоўваць беларусаў крамлёўскай версіяй аб датычнасці Кіева да тэракта.

Аналітык пры гэтым не чакае, што злачынства ў Расеі стане нагодаю для ўзмацнення рэпрэсіяў у Беларусі:

«Ужо і так закручаныя гэтыя гайкі, і тут нейкага вонкавага імпульсу не трэба: калі Лукашэнка палічыць, што трэба ўзмацніць рэпрэсіі, ён і так іх можа ўзмацніць».

Затое правадыр рэжыму можа скарыстацца тэрактам, каб зноў і зноў казаць пра «аточаную крэпасць» і апраўдваць нейкія дадатковыя абмежаванні правоў чалавека, хоць і так ужо ўсё абрэзана, адзначыў эксперт:

«Будзе гучаць рэфрэн, што вакол ворагі, вакол небяспека, і таму нам, як кажа Лукашэнка, расслабляцца ні ў якім разе нельга. Гэта яму выгадна, каб і ў тонусе сваіх сілавікоў таксама трымаць».

Акрамя таго, прапаганда займела новую нагоду падкрэсліваць, што «у нас мір, спакой і астравок стабільнасці дзякуючы мудраму правадыру», заключыў Аляксандр Класкоўскі.

Разбор
«Калі гэта Захад, то не зразумелая матывацыя». Што не так з версіямі прапаганды пра тэракт у Падмаскоўі?
2024.03.23 20:25

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў