Грузія ўпершыню трапіла на футбольны чэмпіянат Еўропы. У Тбілісі святкавалі да раніцы


Зборная Грузіі ўпершыню ў гісторыі прабілася ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы па футболе. У вызначальным матчы каманда выгуляла ў грэкаў. Святкаванні на вуліцах Тбілісі працягваліся да раніцы. Улады пастанавілі ўзнагародзіць футбалістаў ордэнамі, перадае грузінскі тэлеканал «1TV».

Сенсацыйную перамогу каманда Грузіі здабыла на стадыёне ў Тбілісі. Асноўны і дадатковы час гульні скончыўся нічыёй, развязка наступіла ў серыі пенальці.

Пасля пераможнага голу заўзятары, не стрымаўшы эмоцыяў, пачалі выбегаць на поле – сцюарды былі бяссільныя. На вуліцах Тбілісі перамогу святкавалі да раніцы. Нацыянальная зборная Грузіі ўпершыню прабілася на чэмпіянат Еўропы па футболе.

Уначы спартоўцаў віталі на плошчы Рэспублікі. Там прэм’ер-міністр Іраклі Кабахідзэ абвесціў пра пастанову ўзнагародзіць футбалістаў ордэнамі.

У фінальнай частцы «Еўра» супернікамі Грузіі будуць Турцыя, Партугалія і Чэхія.

Акрамя таго, увечары 26 сакавіка вызначыліся яшчэ два апошнія ўдзельнікі турніру: Украіна і Польшча.

Украінскія футбалісты ў гульні ў Вроцлаве перамаглі Ісландыю – 2:1. У групе на «Еўра» каманда сустрэнецца з Бельгіяй, Славаччынай і Румыніяй.

Польшча выгуляла ў вызначальным матчы з Ўэльсам – пераможца таксама вызначыўся ў серыі пенальці. Супернікамі польскай зборнай на Еўра будуць Нідэрланды, Аўстрыя і Францыя.

Каманда Беларусі ў адборачным турніры заняла чацвёртае месца. Нашая зборная ніколі не выходзіла ў фінальную частку.

Чэмпіянат Еўропы па футболе пройдзе сёлета ў Нямеччыне з 14 чэрвеня да 14 ліпеня.

Агляд
Беларускія спартовыя клубы ўжо ў Расеі, супраціўляецца толькі футбол
2024.01.31 17:26

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў