«Гэта проста прапаганда». У ЗША адказалі на абвінавачванні ФСБ у датычнасці да тэракту ў Расеі


Кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў абвінаваціў ЗША, Вялікую Брытанію і Украіну ў датычнасці да нападу на «Crocus City Hall» у Падмаскоўі. У Дзяржаўным дэпартаменце адказалі: «Гэта няпраўда».

«Crocus City Hall» пасля тэракту. Маскоўская вобласць, Расея. 23 сакавіка 2024 года.
Фота: Komsomolskaya Pravda / Russian Look / Forum

«Мы выразна заявілі: няма аніякіх доказаў таго, што Украіна была ўцягнутая ў гэта, бо Украіна і не была ўцягнутая. Усе каментары расейскіх афіцыйных асобаў, у тым ліку прэзідэнта Пуціна, – проста прапаганда, каб апраўдаць іхную агрэсію, што трывае, супраць Украіны», – заявіў журналістам прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Мэт’ю Мілер.

Гэтак Мілер адказаў на просьбу пракаментаваць абвінавачванні ў тым, што за атакаю нібыта стаяць ЗША, Вялікая Брытанія і Украіна.

Адказнасць за тэракт у Падмаскоўі ўзяла на сябе «Даіш». Амерыканцы думаюць, што менавіта гэтая групоўка ўчыніла напад.

26 сакавіка кіраўнік ФСБ Аляксандр Бортнікаў заявіў, што выканаўцамі былі радыкалы-ісламісты, і замлўцы яшчэ не выявілі, аднак датычных ён ужо вызначыў: ЗША, Вялікая Брытанія і Украіна.

Версія пра нібыта ўкраінскі след з’явілася ў медыях на наступны дзень пасля тэракту. Уладзімір Пуцін заявіў, што ў нападнікаў «былі адпаведныя кантакты» ў суседняй краіне, і для іх на расейска-ўкраінскай мяжы падрыхтавалі «вакно».

Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка зняпраўдзіў версію Крамля пра тое, што тэрарысты першапачаткова хацелі схавацца ва Украіне. Паводле палітыка, яны ехалі ў бок нашай краіны, аднак «у Беларусь аніяк не маглі зайсці, яны гэта бачылі, таму адвярнуліся і пайшлі на адцінак украінска-расейскай мяжы».

Кіеў абвінавачванні ў датычнасці да тэракту адкідвае.

Аналітыка
«Беларусаў не настроіш супраць Украіны». Як Лукашэнка можа скарыстацца тэрактам у Расеі?
2024.03.26 19:41

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў