Камітэту дзяржкантролю даручылі кантраляваць Нацыянальны банк


Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка правёў нараду ў пытаннях працы банкаўскай сістэмы і абыходу санкцыяў. У прыватнасці, ён заявіў пра неабходнасць узмацнення кантролю дзейнасці Нацыянальнага банку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віталь Гіль / 1prof.by

«Усялякая фінансавая дзейнасць мусіць быць падпарадкаваная інтарэсам эканомікі. Чаго б нам гэта ні каштавала. Гэта галоўнае. У адваротным выпадку – навошта такая фінансавая сістэма?» – падкрэсліў самаабвешчаны прэзідэнт.

Лукашэнка заявіў пра ўзмацненне кантролю працы Нацыянальнага банку, на што ў тым ліку скіраваныя апошнія кадравыя пастановы, у тым ліку прызначэнне намесніка кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Ягорава. Да гэтага таксама будзе залучаны Камітэт дзяржаўнага кантролю.

«Па-за кантролем Нацыянальны банк быць не можа», – падкрэсліў палітык.

Паводле яго, нягледзячы на цяжкасці, «эканоміка дае рады», хоць гэта і «не значыць, што няма ў гэтым плане праблемаў».

Лукашэнка таксам падкрэсліў неабходнасць дапамогі суб’ектам гаспадарання ў правядзенні разлікаў з замежнымі партнёрамі.

«Мы адчуваем ціск з боку амерыканцаў перш за ўсё. Ціск, звязаны з разлікамі. І я шмат разоў звяртаў вашую ўвагу і ўраду на тое, што субʼектам гаспадарання трэба дапамагаць.Там, дзе мы можам. Спакойна, без шуму, без крыку», – адзначыў Лукашэнка.

Што да кантролю цэнаў, ён паабяцаў не адступаць «ад гэтай практыкі». І нават заявіў, што «сістэма кантролю цэнаўтварэння, усяго гэтага комплексу будзе толькі ўзмацняцца».

Нацбанк зацвердзіў і апублікаваў Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2024 год. Рэгулятар абяцае «забяспечыць макраэканамічную стабільнасць» і «спрыяць устойліваму эканамічнаму развіццю краіны». Эканаміст Дзмітрый Крук заявіў «Белсату», што не знайшоў у дакуменце адказу на пытанне, як рэгулятар дасягне стабільнасці, і назваў пастанову непрафесійнай агіткаю.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў