Насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2024 года склала 9 155 978 асобаў. Такія звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт. За год насельніцтва краіны, паводле афіцыйных звестак, скарацілася на 44 639 асобаў. Гэта больш за насельніцтва такога гораду, як Ваўкавыск.
У параўнанні з 1 студзеня 2020 года насельніцтва Беларусі скарацілася на 254 281 асобу.
За год гарадское насельніцтва зменшылася на 14,1 тыс. асобаў, а вясковае – на 30,5 тыс. асобаў.
Насельніцтва Менску на 1 студзеня склала 1 992 862 асобы. За год яно зменшылася на 2609 чалавек.
З абласных цэнтраў колькасць жыхароў вырасла толькі ў Горадні (на 2398 асобаў) і ў Берасці (на 2009), а зменшылася ў Віцебску (на 753), у Гомлі (на 700) і ў Магілёве (на 228).
Таксама насельніцтва зменшылася ва ўсіх вобласцях краіны, найбольш – у Віцебскай (на 10 037 асобаў). Жыхароў Берасцейшчыны стала менш на 6494 асобы, Гомельшчыны – на 8852, Гарадзеншчыны – на 6044, Меншчыны – на 1732, Магілёўшчыны – на 8528.
Адзначым, што з часоў пандэміі каронавіруса ўлады Беларусі перасталі публікаваць статыстыку адносна смяротнасці, нараджальнасці і міграцыі насельніцтва.
Пры гэтым і раней эксперты крытыкавалі тое, як Белстат улічвае тых, хто выехаў з краіны. І цяпер афіцыйныя звесткі супярэчаць інфармацыю пра мігрантаў. Напрыклад, кіраўнік дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун заяўляў, што за 2021–2022 гады пакінулі тэрыторыю Беларусі больш за 200 тыс. грамадзянаў. А намеснік міністра Мікалай Карпянкоў ацэньваў колькасць палітычных уцекачоў і эмігрантаў з Беларусі як 350 тыс. І гэта на 100 тыс. асобаў больш, чым скарацілася ўсё насельніцтва краіны з 2020 года, нават без уліку павышанай смяротнасці ад ковіду.
Якуб Хруст belsat.eu