Нацбанк хоча яшчэ ў пяць разоў знізіць ліміт максімальнай аплаты гатоўкаю


Нацыянальны банк вынес на грамадскае абмеркаванне законапраект, датычны развіцця безнаяўных разлікаў. Абмеркаванне праекту на Прававым форуме запланаванае па 8 красавіка. Прыняцце прапановаў, мяркуюць у Нацбанку, дапаможа стымуляваць беларусаў на разлік безнаяўнымі грашыма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У прыватнасці, Нацбанк прапануе ў 5 разоў знізіць ліміт максімальнай аплаты гатоўкай, што можа прымацца юрыдычнымі асобамі і ІП ад фізічных асобаў пры продажы тавараў, працаў і паслуг. Гэты ліміт і быў зніжаны з 1000 да 500 базавых велічыняў у 2021 годзе, а цяпер яго прапануецца знізіць да 100 базавых. Зніжэнне ліміту прапануецца праводзіць чатырма этапамі  з 1 ліпеня 2024 года да 1 студзеня 2026-га.

Як адзначаецца, кожны новы гранічны памер аплаты наяўнымі грашыма не будзе дастасоўвацца да ўгодаў, што былі падпісаныя да таго, як указ набыў моц. Пры гэтым тэрмін такой угоды не будзе мець значэння.

Яшчэ адная прапанова Нацбанку датычыць кэшбэку. Цяпер у Беларусі дзейнічае льгота на падаходны падатак пры аплаце тавараў і паслуг безнаяўным спосабам: сума да 2 % ад такіх выдаткаў не абкладаецца падаходным падаткам. Нацбанк прапануе павялічыць яе да 10 %.

У Нацбанку мяркуюць, што гэта станоўча паўплывае на далейшае развіццё праграмаў лаяльнасці, якія прадугледжваюць выплаты ўзнагароды фізічным асобам за безнаяўныя аплаты, «што будзе стымуляваць фізічных асобаў да больш актыўнага правядзення безнаяўных аплатаў».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў