Ніну Багінскую будуць судзіць


Вядомая грамадская актывістка Ніна Багінская мусіць з’явіцца ў суд Першамайскага раёну Менску для разгляду адміністратыўнага пратаколу за тое, што ў яе кватэры сілавікі знайшлі нацыянальны сцяг Беларусі. Бел-чырвона-белы сцяг быў на тумбачцы ў пакоі, дзе жыве Багінская. Пра гэта паведамляюць крыніцы «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ніна Багінская на плошчы Незалежнасці. Менск, Беларусь. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У Дзень Волі, 25 сакавіка, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да Ніны Багінскай дадому. Яе адвезлі ў пастарунак міліцыі Першамайскага раёну і трымалі там да вечара, распавяла нашая крыніца. Відаць, такім чынам яны «перадухілілі» выхад гэтай мужнай жанчыны на вуліцы сталіцы з нацыянальным сцягам.

Выглядае, што такія прэвентыўны затрыманні сталі «традыцыяй», бо  25 сакавіка мінулага году раніцай сілавікі таксама  прыйшлі да Ніны Багінскай. Без тлумачэння прычынаў жанчыну завезлі ў РУУС Першамайскага раёну Менску. Там яе пратрымалі амаль увесь дзень і адпусцілі дамоў каля 9-й гадзіны вечара.

Hавiны
Ніне Багінскай споўнілася 75 гадоў
2021.12.30 15:10

Ніна Багінская жанчына сталага веку. Яна мае шэраг цяжкіх захворванняў і, натуральна, такія дзеянні з боку міліцыянтаў не могуць не адбіцца негатыўна на стане здароўя жанчыны.

Гэта мужная жанчына стала сімвалам беларускіх пратэстаў. Яна выходзіла на маршы пад бел-чырвона-белым сцягам, за што яе шматкроць затрымлівалі і штрафавалі.

Практыка прэвентыўных затрыманняў распаўсюджана ў Беларусі. Сілавікі, паводле заканадаўства, маюць права затрымліваць чалавека толькі ў тых выпадках, якія прадугледжаны нормамі закона. Трымаць чалавека ў пастарунку закон дазваляе не больш за тры гадзіны. У выпадку парушэння грамадзянін можа звярнуцца ў пракуратуру. Але практыка сведчыць, што людзі нават не звяртаюцца ў вышэйшыя ўстановы, бо не бачаць у гэтым сэнсу.

Фільмы
Дзе мой сцяг?
2020.12.10 16:30

Любоў Лунёва belsat.eu 

Стужка навінаў