Сілавікі затрымалі берасцейца, які хадзіў на палітычныя суды


У Берасцейскай вобласці сілавікі пахваліліся затрыманнямі асобаў, якія наведвалі судовыя пасяджэнні ў палітычных справах. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на Міністэрства ўнутраных справаў.

Доказ таго, што затрыманы хадзіў на палітычныя суды.
Фота: belta.by

Іх вінавацяць у дапамозе праваабарончаму цэнтру, прызнанаму экстрэмісцкім фармаваннем. Верагодна, маецца на ўвазе «Вясна». Затрыманыя дзеялі ў розных гарадах рэгіёну.

Гэтак, 40-гадовы жыхар Берасця абвінавачваецца ў тым, што сістэматычна наведваў палітычна матываваныя суды. Ён фіксаваў хаду і вынікі пасяджэнняў, інфармацыю пра сведак і сілавікоў і перадаваў гэта для азнаямлення грамадскасці.

У дачыненні берасцейца пачатая крымінальная справа за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці. Мужчына змешчаны ў следчы ізалятар. Дзеям іншых абяцаюць даюць «прававую ацэнку».

20 сакавіка сталася вядома пра затрыманне ў Менску хрысціянскага прапаведніка Сяргея Мельянца. Яго абвінавачваюць у нейкім адміністратыўным правапарушэнні, аднак падрабязнасці пакуль не вядомыя. Мельянец раней таксама наведваў палітычныя суды і публікаваў інфармацыю з іх у сябе ў сацсетках.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў